Лукашэнка: праз трое сутак пасля параду ў два разы знізілася колькасць пнеўманій
Вайсковы парад на 9 траўня не моцна паўплываў на эпідэміялагічную сітуацыю ў Беларусі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе 12 траўня.
"Ну, і што мы атрымалі за трое-чацвёра сутак пасля гэтага? У Мінску значнае (учора ў два разы) зніжэнне пнеўманій. У два разы. І я ўчора, перахрысціўшыся, кажу: дай бог, каб мы і далей так па пнеўманіям прайшліся. А ўсе крычалі, лямантавалі, што ай, парад, ай, парад!" — перадае словы кіраўніка Беларусі тэлеканал СТБ.
Між тым сярэдні інкубацыйны перыяд каранавіруса складае 5-7 дзён, можа зацягнуцца да 14 дзён. Такім чынам, пра ўплыў парада на распаўсюд COVID-19 можна будзе казаць не раней як пад канец гэтага тыдня.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 12 траўня ў Беларусі зарэгістравана 24 873 выпадкі заражэння каранавірусам. Памерлі 142 чалавекі з COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.