Лукашэнка прызнаў, што людзей "ловяць" за подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў
16 снежня на нарадзе, прысвечанай санкцыям і контрсанкцыям, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што людзей "ловяць" за пастаўленыя ў 2020-м подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах. Дагэтуль афіцыйна ніхто гэтага не прызнаваў, але шырока вядома пра "чорныя спісы", якія прыходзяць на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
З выступу Лукашэнкі вынікае, што на словах ён не падтрымлівае такі пераслед іншадумцаў, але хто ж дае каманды сілавікам? Ён згадаў савецкія рэпрэсіі. "Накатаў, як у 1930-я гады" Аляксандр Лукашэнка не хоча. Ён нагадаў прысутным, што ў 1941 годзе "пачалася вайна, а [арыштаваныя] генералы сядзяць у турме — давялося адтуль [іх] даставаць, і яны былі першымі героямі... Дык вось, каб у нас так не было".
Ну а далей Лукашэнка "прагаварыўся". "Бачыце, хтосьці за кагосьці падпісаўся: "Давай яго, хапай, цягні...", — гаварыў ён. — Мы павінны бачыць, асабліва людзей у дзяржаўным апараце. Усіх мы ўсё роўна не ўбачым. Іх [у краіне] тысячы былі, якія падпісаліся за "альтэрнатыўшчыкаў", ну і што? Мы што, цяпер будзем адцягваць увагу і іх лавіць дзесьці? Нам жа справай трэба займацца".
І дадаў: "паверце, за гэты год яны зусім іншымі людзьмі сталі". Пры гэтым прапанаваў з'ехаць за мяжу кіраўнікам, "якія займаюць антыдзяржаўную пазіцыю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.