Лукашэнка: Пуцін не даваў згоды на абмежаванне паставак нашых прадуктаў

23 снежня, па выніках паседжання ў Маскве вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, Аляксандр Лукашэнка выказаўся на конт абмежавання паставак беларускіх прадуктаў у Расію ды забароны транзіту тавараў з беларускай тэрыторыі. Паводле яго слоў, гэта было зроблена "Рассельгаснаглядам" без згоды Еўразійскай эканамічнай камісіі і расійскага прэзідэнта.

"Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку, без нейкіх кансультацый, ігнаруючы Еўразійскую эканамічную камісію, і, больш таго, як стала вядома ў выніку сённяшніх перамоваў з Уладзімірам Уладзіміравічам, і без яго згоды. Адсюль выснова: дакладнага механізму ўзаемадзеяння і кантроля ў рамках адзінай мытнай прасторы пакуль у поўным аб'ёме няма", — цытуе словы кіраўніка Беларусі ТАСС.

Лукашэнка адзначыў, што ў сітуацыі з абмежаваннем паставак беларускіх прадуктаў у Расію Еўразійская эканамічная камісія дыстанцыявалася ад вырашэння праблемы.

Кіраўнік Беларусі крытыкаваў стан узаемадзеяння паміж краінамі-ўдзельніцамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак спадзяецца, што рознагалоссі паміж партнёрамі маюць часовы характар.

Нагадаем, у 2015 годзе старшынёй Еўразійскага эканамічнага саюза будзе Беларусь.

"Свабоднага руху тавараў у нас у поўным аб'ёме як не было, так і няма, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі РІА "Новости". — За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: да гэтага часу расійскім і беларускім бакамі не забяспечана ўзаемнае прадастаўленне найбольш спрыяльных нацыянальных рэжымаў доступу да дзяржзакупак, а зрабіць гэта трэба было яшчэ з 1 студзеня 2012 года".

Пасля выступу Лукашэнкі слова ўзяў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. "Мы спецыяльна папрасілі Аляксандра Рыгоравіча (Лукашэнку), каб ён падняў планку дыскусіі, паказаў сутнасць гэтай дыскусіі ва ўсёй красе, каб усім было ясна, як нам цяжка жывецца", —- сказаў Пуцін.

Фота — president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі