Лукашэнка расказаў, хто павінен падтрымліваць парадак у населеных пунктах
Парадак у населеных пунктах павінны падтрымліваць жыхары і прадпрыемствы, якія працуюць на гэтай тэрыторыі, а задача ўлады — арганізаваць гэтую працу. Такой заявай адзначыўся Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Гомельскую вобласць, перадае БЕЛТА.
"І калі недзе непарадак, менш за ўсё вінаватыя людзі — гэта мы не арганізавалі іх. Таму што калі нашых людзей арганізаваць, яны ўсё зробяць: і дрэўцы пасадзяць, і кусты, і кветкі. Напэўна, ўсюды так, не толькі ў Беларусі, а наш народ тым больш калектыўны", — выказаў сваё меркаванне Лукашэнка.
Ён нагадаў, што даручаў замацаваць зоны адказнасці за прадпрыемствамі, якія працуюць у кожным населеным пункце. "Тры гады таму зрабілі гэты горад (Буда-Кашалёва. — Еўрарадыё). А далей прыбіраць трэба не за кошт бюджэту. Вось, напрыклад, райгазу. Трэба накрэсліць яму ад дарогі да дарогі квартал ці два — і хай зробіць ласку ўтрымліваць у такім стане", — акрэсліў сваё бачанне праблемы кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка дадаў, што у 2018 годзе неабходна навесці на зямлі парадак. Па яго словах, на палях больш-менш парадак, а на вытворчых аб'ектах сельскай гаспадаркі — не ўсюды.