Лукашэнка распавёў, як сілавікі спрабавалі "прэсаваць" суддзяў
20 жніўня на вялікай нарадзе з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка нямала гаварыў пра выяўленыя злоўжыванні. Між іншым ён спыніўся на спробах аказання ціску на суддзяў.
"Што наогул недапушчальна ў практыцы сілавікоў: з'яўляецца новая "форма" працы — прамы ціск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Нават да суддзяў паціху пад'язджаюць і пачынаюць на іх накатваць: ды мы вас, ды мы з вамі, ды мы вас будзем прэсаваць, нахіляць".
Пасля нарады старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала распавёў, што ціск на суддзяў з боку следчых ажыццяўляўся, у прыватнасці, падчас працэсу па справе галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача. "Такія факты ўстаноўлены, яны былі — ціск з боку і работнікаў Следчага камітэта на суддзяў з тым, каб яны пастанавілі не той прысуд, які пастаўлены, — цытуе словы Сукалы БЕЛТА. — Думаю, што ў дачыненні да вінаватых будуць прынятыя меры". Як вядома, Галавач быў апраўданы. Пра яго справу апошнім часам (у тым ліку і на сённяшняй нарадзе) неаднаразова выказваўся Аляксандр Лукашэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.