"Лукашэнка скончыць гэтак жа, як і жыў — сумна" — Адам Міхнік
Міхнік нагадаў Лукашэнку пра Кадафі і Чаушэску / Ілюстрацыйнае фота delfi.lt
Галоўны рэдактар польскага перыёдыка Gazeta Wyborcza Адам Міхнік адрэагаваў на суд у Беларусі над палітвязнем Анджэем Пачобутам. "Найперш гэта працэс супраць чалавека, які стаяў за сумленнасць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, супраць фальсіфікацый Аляксандра Лукашэнкі, — піша ён. — Гэта працэс супраць беларускай дэмакратыі і правоў польскай меншасці ў Беларусі. Гэта працэс супраць інтэлектуала і журналіста, працэс супраць свабоды слова. І, нарэшце, гэта суд над чалавекам, у якога хапіла мужнасці, паслядоўнасці і характару абараніць самае дарагое для яго — свабоду і праўду".
Міхнік лічыць, што ў сённяшняй сітуацыі вельмі важны пасыл для беларускіх палітвязняў: "Вы не самотныя і не будзеце самотныя". Ён перакананы, што яны "выйгралі ў любым выпадку" і выратавалі ад Аляксандра Лукашэнкі і яго катаў "самае дарагое — унутраную свабоду, праўду і чалавечую годнасць".
"Лукашэнка скончыць гэтак жа, як і жыў — сумна. Як скончыў Кадафі, і Чаушэску", — падкрэслівае Адам Міхнік.
Палітвязня і журналіста Анджэя Пачобута абвінавачваюць у закліках да санкцый і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". Яму пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пачобут за кратамі з сакавіка 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.