Лукашэнка: трэба адрадзіць хутары і неперспектыўныя вёскі
Пра неабходнасць адраджаць хутары заявіў 12 чэрвеня падчас наведвання Полацка Аляксандр Лукашэнка. У гэтым горадзе ён праводзіць нараду, прысвечаную развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны. Лукашэнка лічыць, што ў часы пандэміі каранавіруса беларусаў з гарадоў пацягнула на прыроду. І яны сталі больш думаць пра набыццё участкаў зямлі, каб там адпачыць.
"Трэба адрадзіць гэтыя хутары і неперспектыўныя вёскі, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы sb.by. — І ў каго ёсць невялікая капейка — трэба ўкласці менавіта ў гэта, у будучае для сваіх дзяцей".
Пры гэтым у апошнія гады ў згаданых неперспектыўных вёсках арганізавана разбураюць і наўпрост закапваюць у зямлю пакінутыя дамы. Ёсць шмат праблем і ў так званых аграгарадках, пра што рабіў шматлікія відэа блогер Сяргей Ціханоўскі, які цяпер знаходзіцца за кратамі.
Лукашэнка даручыў спрасціць умовы набыцця ўчасткаў зямлі за межамі вялікіх гарадоў. Каб людзі маглі аднавіць стары дом, ці пабудаваць невялікую "будку", адпачываць і займацца прысядзібнай гаспадаркай, паведамляе БЕЛТА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.