Лукашэнка: Я не магу дапусціць, каб у краіне пайшлі нейкія катаклізмы
У аўторак прайшла нарада, прысвечаная праблемным пытанням развіцця прамысловага комплексу. Міхаіл Мясніковіч атрымаў карт-бланш.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў рост знешняй дэбіторскай запазычанасці, зніжэнне экспартных паставак, дрэнны фінансавы стан прамысловых прадпрыемстваў. Па выніках нарады прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч атрымаў карт-бланш для выпраўлення сітуацыі ў прамысловасці ў першым квартале 2014 года.
"Я не спрабую саскочыць і сесці ў іншую лодку, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы ўсе ў адной лодцы тут сядзім. І я не магу дапусціць, каб у краіне пайшлі нейкія катаклізмы. У нас не можа быць ніякіх катаклізмаў, акрамя як па адной прычыне — стан эканомікі, у дадзеным выпадку — прамысловасці".
Кіраўнік дзяржавы даў Міхаілу Мясніковічу "поўныя правы" для тэрміновых зменаў, у тым ліку кадравых: "Рабіце ўсё, што вы лічыце патрэбным, каб мне потым не сказалі, што ў вас не хапала нейкіх паўнамоцтваў". У той жа час Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў прэм'ера, што "прабачэння ў гэтай справе не будзе", калі прагнозныя паказчыкі на год не будуць выкананыя.
Таксама Лукашэнка заявіў, што некаторыя кіраўнікі "замест таго, каб займацца справай, шукаюць спосабы прыхарашыць на паперы рэальную сітуацыю".
Фота — БЕЛТА