Лукашэнка: Прадпрымальнікі просяць спыніць усялякія падатковыя рэформы
Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным пакінуць падатковыя льготы толькі для прыярытэтных відаў дзейнасці.
Аляксандр Лукашэнка 16 лютага праводзіць нараду па актуальных пытаннях падатковай палітыкі.
Па яго словах, цяпер у Беларусі няма магчымасці даваць падатковыя льготы ў ранейшым аб'ёме. "Калі раней на пэўным этапе ў нас была магчымасць прадастаўляць падобныя падатковыя льготы, цяпер іншыя часы. Ад індывідуальных ільготаў наогул, напэўна, трэба сыходзіць", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
Разам з тым Лукашэнка лічыць, што для прыярытэтных відаў дзейнасці падатковыя льготы можна пакінуць. Гаворка ідзе пра сферы, "якія прадстаўляюць інтарэс для дзяржавы з пункту гледжання стварэння ўмоў для эфектыўнага развіцця і, вядома ж, атрымання аддачы".
Разам з тым, беларускі кіраўнік заявіў, што часта змяняць падатковыя стаўкі — недапушчальна. "Шчыра кажучы, можа, варта адзін раз па максімуме адкарэктаваць, каб потым некалькі гадоў усім спакойна працаваць?" — цытуе БЕЛТА яго словы.
Лукашэнка адзначыў поспехі ў рэфармаванні падатковай галіны. Але ён паведаміў, што ўжо і прадпрымальнікі просяць, каб спынілі ўсялякія рэформы ў падатковай сферы, бо патрэбная стабільнасць.
На падатковых ільготах бюджэт Беларусі недаатрымаў каля мільярда долараў
Фота — president.gov.by