Лукашэнка загадаў перакрыць транзіт газу праз Беларусь

"Да якога цынізму і абсурду можна дайсці, калі ты павінен мне $260 млн., я табе — $190 млн., і ты пачынаеш мне за гэта заварочваць венціль", — сказаў кіраўнік краіны.

17:04 Дональд Туск: Мінск і Масква пакуль ваююць толькі на словах

Ганна Балаховіч, Варшава

Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі перакрыць газ, які ідзе ў Еўропу, значна больш зашкодзіць Заходняй Еўропе, чым Польшчы, паведаміў на прэс-канферэнцыі польскі прэм’ер Дональд Туск. Аднак пакуль абяцанні Мінску застаюцца галаслоўнымі.

Дональд Туск: “З таго газу, які ідзе праз Беларусь, Польшча атрымлівае толькі невялікую частку. Таму тэарэтычна перакрыццё трубаправоду беларусамі будзе не толькі польскай, але і агульнаеўрапейскай праблемай. Пакуль што ціск на трубаправодзе не панізіўся. І газ ідзе як і раней. Таму гэтая вайна пакуль адбываецца толькі на словах”.

Дональд Туск таксама супакоіў палякаў, што нават у найгоршым выпадку Польшчы хопіць уласных запасаў газу на многія тыдні.


16:44 Еўракамісію не паінфармавалі пра перакрыццё газу

Ганна Балаховіч, Варшава

Беларускія ўлады дагэтуль не паінфармавалі ЕС пра сваё рашэнне перакрыць падачу газу, распавяла польскаму парталу tvn24.pl прэс-сакратар Еўракамісіі па энергетычных справах Марленэ Хольцнэр. Між тым Брусель яшчэ апоўдні заклікаў Расію і Беларусь не парушаць сваіх кантрактных абавязкаў у сувязі з канфліктнай сітуацыяй.

Марленэ Хольцнэр: “Еўракамісія не атрымала афіцыйнага паведамлення ад беларускіх уладаў аб рашэнні спыніць транзіт расійскага газу ў Еўропу”.
 
Па словах Марленэ Хольцнэр, Еўракамісія знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Мінскам ды Масквой і перабояў ў пастаўках газу не чакае. Аднак спецыяльную сустрэчу на тэхнічным узроўні, прысвечаную магчымым наступствам беларуска-расійскага канфлікту, у Бруселі ўсё ж запланавалі – на вечар 22 чэрвеня.


16:23 "Газпрам" абяцае даставіць газ спажыўцам нягледзячы на перакрыццё транзіту

Нягледзячы на рашэнне Беларусі перакрыць транзіт газу, "Газпрам" абяцае цалкам забяспечыць спажыўцоў у Еўропе і Калінінградскай вобласці.

Расійскі холдынг, па звесткаах РІА "Новости", хоча задзейнічаць альтэрнатыўныя варыянты паставак, у тым ліку транспартаванне праз Украіну і Літву. Акрамя таго, як заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпрама" Сяргей Купрыянаў, расійская кампанія спадзяецца на выкарыстанне запасаў падземных сховішчаў і са спотавага рынку.

Па словах Купрыянава, пацверджанне гатовасці ўкраінскай сістэмы ўжо атрыманае з Кіева. Спажыўцы Калінінграда будуць забяспечаныя праз Літву.


16:11 Масква не прасіла Кіеў пусціць газ у абыход Беларусі

Кіеў не атрымліваў зваротаў пра транзіт расійскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны замест Беларусі і не вядзе на гэты конт ніякіх перамоваў, паведаміў БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Раман Бяссмертны.

Так ён пракаментаваў паведамленні пра тое, што Ўкраіна гатовая забяспечыць дадатковы транзіт газу ў Еўропу па сваёй тэрыторыі ў аб’ёме 15-20 мільярдаў кубаметраў.

Украінскія ўлады заявілі пра тэхнічную магчымасць энэргатранспартнай сістэмы Ўкраіны ўзяць на сябе частку беларускага транзіту. Рана казаць пра тое, што Ўкраіна пачне транспартаваць расійскі газ замест Беларусі, удакладніў дыпламат.


15:43 Расійская нафта ідзе праз Беларусь у планавых аб’ёмах

“Транснафта” ажыццяўляе транзіт расійскай нафты праз Беларусь у поўным аб’ёме. Пра гэта РИА Новости заявіў афіцыйны прадстаўнік кампаніі Ігар Дземін.

Па ягоных словах, “усё працуе штатна”, а транзіт па ўсіх кірунках, у тым ліку праз Беларусь, ідзе ў планавых аб’ёмах.


15:27 З-за спынення транзіту газу Мядзведзеў сам стаў камандаваць "Газпромам"

Прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў даў усе неабходныя ўказанні кіраўніку "Газпрому" з нагоды таго, што кіраўнік Беларусі загадаў перакрыць транзіт расійскага газу па тэрыторыі краіны. Пра гэта, па звестках РІА "Новости", паведаміла прэс-сакратарка расійскага прэзідэнта Наталля Цімакова.

Яна дадала, што ў аўторак адбылася тэлефонная гутарка Мядзведзева з кіраўніком "Газпраму" Аляксеем Мілерам.


15:08 Польшча пакуль атрымлівае расійскі газ без перабояў

Ганна Балаховіч, Варшава

Нягледзячы на загад Аляксандр Лукашэнкі перакрыць падачу газу ў Еўропу, Польшча па-ранейшаму атрымлівае блакітнае паліва без перабояў. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратарка дзяржаўнай газавай кампаніі PGNiG Ёанна Васіцкая-Закшэўская.

Закшэўская: “Мы ўвесь час сочым за сітуацыяй. Пакуль мы атрымліваем пастаўкі ў тым памеры, які замаўлялі. Ніякіх заяваў палітыкаў пакуль мы не каментуем. Газ у нас ёсць, і мы верым, што ён будзе ісці і далей”.

Па словах Ёанны Васіцкай-Закшэўскай, ніякай афіцыйнай інфармацыі пра перакрыццё трубаправоду кампанія PGNiG не атрымлівала, а пра намеры Аляксандра Лукашэнкі даведалася толькі з паведамленняў СМІ.


14:51 Расія гатовая пусціць газ у Еўропу праз Украіну

Расія запэўніла Еўракамісію, што выканае абавязанні па газавых кантрактах з краінамі Еўраcаюзу, паведамляе РИА Новости за спасылкай на прадстаўніка Еўракамісіі Марлін Холцнер.

З яе словаў, расійскі бок запэўніў, што будзе прытрымлівацца кантрактаў. Калі Беларусь сапраўды хоча забіраць газ з газаправоду “Ямал”, то Расія будзе пастаўляць газ праз Украіну для Польшчы і Нямеччыны.


14:21 Старшыняў райвыканкамаў мабілізавалі на “газавую вайну”

Старшыні райвыканкамаў Брэстчыны не могуць пакідаць межы сваіх раёнаў. Такое рашэнне прынята аблвыканкамам. Пры ўнітарным прадпрыемстве "Брэстаблгаз" створаны абласны штаб, у рэгіёнах таксама рыхтуюцца да магчымых наступстваў "газавай вайны" з Расіяй, паведамляе Радыё Свабода.

Аблвыканкамам распрацаваны пытанні пераводу некаторых прадпрыемстваў на альтэрнатыўныя віды паліва. Найбольш газу ў вобласці спажываюць Бярозаўская гідраэлектрастанцыя, Жабінкаўскі цукровы завод і малочны завод "Савушкін прадукт". Менавіта гэтыя прадпрыемствы ў выпадку абмежаванняў паставак газу будуць пераведзены на мазут. Запасы яго на згаданых прадпрыемствах ёсць. Тым не менш, пакуль пэўных распараджэнняў не паступала.


14:14 Бутрын: Самы востры адказ Расіі — спыніць пастаўкі нафты

Павел Свярдлоў

Расія можа спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь. На думку загадчыка аддзела эканамічнай палітыкі расійскай газеты "Коммерсант" Дзмітрыя Бутрына, гэта самы жорсткі з магчымых адказаў афіцыйнай Масквы на распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі аб спыненні транзіту газу праз тэрыторыю Беларусі:

Дзмітрый Бутрын: "Я думаю, што наступным крокам расійскіх уладаў можа быць спыненне паставак нафты ў Беларусь. Цалкам. Гэта зробіць уладам Беларусі больш праблемаў, чым любыя іншыя захады. Бо нафтаперапрацоўчыя заводы перастануць не толькі прыносіць грошы, але і забяспечваюць занятасць".

Праўда, на думку сп. Бутрына, да спынення паставак нафты дойдзе наўрад ці. Хутчэй за ўсё, да 1 ліпеня ўрады Расіі і Беларусі ўсё ж дамовяцца аб стварэнні Мытнага саюза на ўмовах, выгадных для Беларусі, і на гэтым газавыя войны паміж дзвюма краінамі скончацца, прынамсі, да зімы.


13:35 Еўракамісія ўстурбавалася газавай вайной між Беларуссю і Расіяй

Еўракамісія ў сувязі газавай спрэчкай паміж Беларуссю і Расіяй можа склікаць экстранае паседжанне Кардынацыйнай групы Еўрасаюза па газе. Гэта тлумачыцца тым, што спрэчка пагражае абмежаваннем паставак транзітнага газу ў Еўропу, адзначае РІА "Новости".

Калі такая нарада адбудзецца, на яе, верагодна, будуць запрошаныя прадстаўнікі абодвух бакоў - расійскага і беларускага.

Як паведамляе агенцтва Reuters, у выніку газавай спрэчкі можа быць закранута 6,25% аб'ёму спажывання газу ў ЕС.


13:27 МЗС Украіны: У газавай вайне Мінску і Масквы мы трымаем нейтралітэт

Украіна займае нейтральную пазіцыю ў расійска-беларускім газавым канфлікце. Пра гэта сёння на брыфінгу ў Кіеве заявіў дырэктар Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алег Валошын.

"На палітычным узроўні Ўкраіна абсалютна нейтральная. Мы ніякім чынам не збіраемся ўлазіць у гаспадарчыя канфлікты", — цытуе словы Валошына УНІАН.


13:11 Лукашэнка загадаў перакрыць транзіт газу праз Беларусь

Пра гэта паведаміла агенцтва БЕЛТА з пазнакай "Тэрмінова".

Разам з тым, прадстаўніца Мінэнэрга Людміла Зяньковіч паведаміла, што Беларусь цалкам разлічылася з Расіяй за спажыты нашай краінай у траўні газ. Пры гэтым было вырашана не чакаць пераліку грошай ад "Газпрама" за транзіт расійскага прыроднага газу па беларускай газатранспартнай сістэме і газаправоду "Ямал-Еўропа" у краіны Еўропы.

У цяперашні час створаныя аператыўныя штабы ў "Белэнэрга", "Белпаліўгазе" і "Белтрансгазе". Каардынацыя дзеянняў штабоў ускладзеная на Мінэнерга.

У цяперашні час шэраг электрастанцый Беларусі пераведзеныя на спальванне рэзервовых відаў паліва. Абмежаваная падача прыроднага газу на прамысловыя прадпрыемствы.


13:11 "Газпрам" лічыць Беларусь неплацежаздольнай

"Газпрам" лічыць, што Беларусь не зможа выканаць сваё абяцанне на працягу двух тыдняў - да 5 ліпеня пагасіць запазычанасць за газ. Менавіта таму расійскі холдынг 22 чэрвеня ўзмацніў абмежаванне паставак газу ў Беларусь, заявіў афіцыйны прадстаўнік "Газпраму" Сяргей Купрыянаў.

Па звестках РІА "Новости", "Газпрам" не бачыць ніякіх гарантый таго, што Беларусь заплаціць запазычанасць праз два тыдні.


10:28 "Газпрам": Беларусь пагражае забіраць газ з транзітнай трубы

Беларусь пагражае пачаць адбор газу з транзітнага трубаправода для сваіх патрэб. Пра гэта, па звестках РІА "Новости", паведаміў афіцыйны прадстаўнік расійскага газавага холдынгу Сяргей Купрыянаў.

Па яго словах, "Газпрам" атрымаў ліст ад першага віцэ-прэм'ера Беларусі Ўладзіміра Сямашкі. У лісце, па словах Купрыянава, ніякіх прадметных прапановаў аб пагашэнні беларускай запазычанасці няма. Затое там паведамляецца, што ў выпадку далейшага паніжэння паставак газу Беларусь пачне дзеянні па адборы з транзітнай трубы для патрэб эканомікі краіны.


9:43 "Газпрам" абмежаваў газ для Беларусі на 30%

22 чэрвеня "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу Беларусі да 30% ад плану. Пра гэта заявіў кіраўнік расійскага газавага холдынгу Аляксей Мілер.

Па яго словах, якія паведамляе РІА "Новости", за мінулыя суткі Беларусь не пачала ніякіх дзеянняў для пагашэння запазычанасці за пастаўкі газу.

Нагадаем, 21 чэрвеня "Газпрам" абмежаваў пастаўкі газу Беларусі на 15%. Гэтыя абмежаванні плануецца давесці да 85%.


Фота: ByMedia

Пра першы дзень"газавай вайны" глядзі тут

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі