Лукашэнка загадаў за 5 гадоў пабудаваць аўтазавод
Завод па вытворчасці легкавых аўтамабіляў у Барысаўскім раёне павінен быць пабудаваны да 1 ліпеня 2019 года.
Адпаведны ўказ №35 "Пра пытанні арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў" 16 студзеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе БЕЛТА.
Дакумент прыняты для стварэння спрыяльных умоў для арганізацыі ў Беларусі выпуску новых відаў аўтатранспарту. Ён прадугледжвае рэалізацыю ў Барысаўскім раёне Міншчыны інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя вытворчасці па зборцы легкавых аўтамабіляў".
Гэты інвестпраект уключае будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю заводу па вытворчасці легкавых аўтамабіляў і аб'ектаў унутранай і вонкавай інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Ён рэалізуецца ў адпаведнасці з Мемарандумам аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў, падпісаным Міністэрствам прамысловасці і кітайскай карпарацыяй "Джылі". Тэрмін будаўніцтва заводу — да 1 ліпеня 2019 года.
Замоўцам па праектаванні і будаўніцтве заводу будзе кампанія "Белджы" — сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства па выпуску легкавых аўтамабіляў маркі Geely.
Замоўцам па праектаванні і будаўніцтве аб'ектаў вонкавай інжынернай і транспартнай інфраструктуры да заводу з улікам вынасу з тэрыторыі забудовы інжынерных сетак існай інфраструктуры вызначана КУП "УКБ-Барысаў".
Мінаблвыканкам павінен вылучыць у арэнду на 99 гадоў зямельны ўчастак у 118,87 га для будаўніцтва і эксплуатацыі аб'ектаў гэтага прадпрыемства.
Мяркуецца,што гэта будзе экспартаарыентаваная вытворчасць магутнасцю 120 тысяч аўтамабіляў у год. 90% прадукцыі плануецца экспартаваць.
Фота — mail.ru