Лукашэнка запатрабаваў "пастрыгчы ўсе банкі пад адзін грэбень"
На думку беларускага кіраўніка, банкі жыруюць.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з выдаткамі ў банкаўскай сферы і аптымізаваць іх. Такая думка прагучала на сённяшняй нарадзе па эканоміцы, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсліў: "Банкі жыруюць!" Па яго словах, банкі прыцягваюць рэсурсы пад 20%, а потым перапрадаюць гэтыя грошы на 15-20% даражэй. Пры гэтым банкіры кажуць, што гэтага мала, каб банкі нармальна функцыянавалі.
Лукашэнка даў даручэнне кіраўніцы Нацбанка Надзеі Ермаковай: "Каб не было больш размоваў наконт таго, што вы там жыруеце разам з банкамі, давайце дамовімся так. Я, да прыкладу, формулу кажу. Ваш заробак павінен быць дзесьці блізкі да заробку прэм'ер-міністра. Усе астатнія павінны быць выстраеныя як ва ўрадзе. Хто не хоча працаваць — звальняйцеся адразу. Тое ж самае па выдатках усіх банкаў, пачынаючы ад вас і заканчваючы іншымі. Абыйдзецеся двума аўтамабілямі ў Нацбанку для абслугоўвання — значыць, два легкавыя аўтамабілі. Сёння гэта нятанна, тым больш такія кошты на бензін. Заробак, змест, праграмнае забеспячэнне, без якога не абысціся, — асабіста зацвердзіце кожнаму. Усё астатняе прыбраць".
Кіраўнік Беларусі загадаў усе банкі пастрыгчы пад адзін грэбень: "І тады, калі і дрэнна будзе, мы народу зможам растлумачыць. Дрэнна? Дрэнна ўсім". Лукашэнка падкрэсліў, што гэтыя меры павінны закрануць усе банкі: "Нягледзячы ні на якія банкі — ні на беларускія, ні на расійскія, ні на замежныя, — усіх пастрыгчы пад адзін грэбень".
Чалы: Заява пра жыраванне банкаў — рытуальны заклік
Фота — president.gov.by