Лукашэнка згадаў пра дэвальвацыю ў Казахстане (відэа)
12 снежня кіраўнік дзяржавы сустрэўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.
Аляксандр Лукашэнка 12 снежня запатрабаваў дыверсіфікаваць экспарт і актыўна шукаць новыя рынкі. Сустракаючыся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўнік дзяржавы заявіў, што кожны пасол мусіць займацца праблемамі экспарту, "асабліва ў сувязі з тым, што адбываецца на расійскім рынку".
"Гэта наш асноўны рынак, амаль палову прадукцыі, якую вырабляем, мы прадавалі туды, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — І вы бачыце, што там адбываецца. У Казахстане таксама сітуацыя няпростая, нядаўна яны правялі дэвальвацыю сваёй нацыянальнай валюты. Зусім разбітая Украіна, таксама адзін з нашых асноўных рынкаў".
Лукашэнка падкрэсліў, што "дыверсіфікацыя экспарту, пошук новых рынкаў — пытанне першачарговай важнасці, пытанне выжывання нашай краіны, і з гэтага трэба зыходзіць, найперш, Міністэрству замежных спраў".
Для вырашэння гэтай праблемы кіраўнік Беларусі загадаў выкарыстоўваць усе наяўныя рэсурсы.
Фота — ria.ru