Лябедзька выказаўся супраць накіравання ў Беларусь назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька выказаўся супраць накіравання ў Беларусь назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ). Пра гэта ён праінфармуе прадстаўнікоў місіі гэтай арганізацыі падчас сустрэчы ў чацвер, 16 ліпеня, у Мінску.

Па словах Анатоля Лябедзькі, пераважная большасць назіральнікаў прыедзе напярэдадні дня галасавання — з кароткатэрміновай місіяй. А ў такім назіранні, нібыта, няма ніякага сэнсу.

Лябедзька: “Калі гэта кароткатэрміновае назіранне і прыязджае асноўны масіў назіральнікаў толькі на дзень выбараў, то дзеля чаго? Каб паглядзець конкурс мастацкай самадзейнасці ці як працуе Міністэрства гандлю? Я не бачу ў гэтым абсалютна ніякага сэнсу. Ёсць нейкі сэнс, калі гэта доўгатэрміновая місія і людзі ведаюць ўсе нюансы і ўяўляюць, што насамрэч адбываецца. Таму заўтра ў нас будзе з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ такая вось дыскусія”.

Па словах палітыка, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе яшчэ не прыняло канчатковага рашэння наконт таго, прысылаць да нас місію назіральнікаў ці не. Лябедзька кажа: “Сёння я і мая каманда схіляемся да таго, каб хутчэй сказаць ім “не”, чым “так”.

Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 кастрычніка 2015 года.

Фота Змітра Лукашука, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі