Махляра, які стварыў фінансавую піраміду New Assets Union, асудзілі на 8 гадоў

 Махляра, які стварыў фінансавую піраміду New Assets Union, асудзілі на 8 гадоў

У Гродне вынеслі прысуд па справе аб стварэнні фінансавай піраміды, якая дзейнічала пад выглядам праекта New Assets Union. Як паведамляе Радыё Свабода, стваральнік гэтай піраміды — 24-гадовы жыхар Мазыра Уладзіслаў Шавяленка. Ён стварыў праект New Assets Union (“Новы саюз актываў”), які нібыта добра зарабляў на ўдзеле ў бінарных апцыёнах і букмекерскіх біржах, аптовых продажах тавараў з Кітаю і здачы ў арэнду нерухомасці.

У праект ён завабліваў абяцаннямі даходу да 300% у месяц. За прыцягненне новых укладчыкаў абяцаў узнагароды. За 100 чалавек — iPhone, за 500 — MacBook, за 1000 — 10 тысяч долараў.

Гэта была класічная фінансавая піраміда — папярэднія ўдзельнікі атрымлівалі адсоткі ад прыцягнення новых чальцоў. Насамрэч арганізацыя не вяла ніякай гаспадарчай дзейнасці, але каб схаваць гэта, Шавяленка публікаваў у сеціве навіны пра выплату адсоткаў, збіраў людзей на сустрэчы і заключаў дамовы ад імя кампаніі New Assets Union LP, зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі ў лістападзе 2015-га.

Атрыманыя ад інвестараў сродкі Шавяленка пераводзіў на рахункі ў Беларусі і ў Латвіі, адкрытыя на сябе ды іншых людзей. У выніку ён здолеў прыцягнуць 760 тысяч рублёў ад больш як 900 чалавек.

Суд прысудзіў Шавяленку 8 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі