Мараканец са шпаргалкай спрабаваў перайсці праз беларускую мяжу ў Польшчу
Брэсцкія памежнікі выявілі ў Камянецкім раёне 30 сакавіка мараканскага нелегала. 27-гадовы мужчына быў затрыманы за 6 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы каля населенага пункта Агароднікі.
Мужчына не меў дакументаў, якія дазваляюць знаходзіцца ў памежнай зоне. Затое пры сабе ў яго была "шпаргалка", на якой было напісана "як прайсці да мяжы", паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта. Мараканец меў пры сабе 100 долараў і 350 еўра, мабільнік з умантаваным навігатарам і асабістыя рэчы. Паразумецца з мужчынам памежнікі не змаглі, бо ён не валодае рускай мовай.
Парушальніка затрымалі для далейшага разгляду. Вырашаецца пытанне пра кваліфікацыю яго дзеянняў.