Масавае затрыманне журналістаў у Маскве

Масавае затрыманне журналістаў у Маскве

7 чэрвеня ў Маскве адбылося масавае затрыманне журналістаў. Яны выходзілі на адзіночныя пікеты каля гарадскога ўпраўлення МУС у падтрымку затрыманага раней карэспандэнта "Медузы" Івана Галунова. Ён апынуўся за кратамі ў чацвер па падазрэнні ў "замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры". Галуноў сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі. Паводле яго слоў, у паліцыі яго збілі, яму не дазволілі выклікаць хуткую і адваката. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі, у тым ліку і па фактах карупцыі.

Як інфармуе novayagazeta.ru, на адзіночных пікетах былі затрыманыя супрацоўнікі "Новай газеты" Павел Каныгін, Ілля Азар, Вікторыя Іўлева, пісьменнік Віктар Шандаровіч, галоўны рэдактар самвыдату "Батенька, да вы трансформер" Рыгор Туманаў, журналіст "Медузы" Аляксандр Паліванаў, літаратурны крытык Ганна Нарынская, а таксама Андрэй Барзенка, Аляксандр Рыклін, Аляксандр Гарбачоў, Ігар Садрэеў і іншыя. Іх абвінавачвалі ў парушэнні правілаў правядзення адзіночных пікетаў (яны нібыта стаялі адзін ад аднаго на адлегласці меншай за 50 метраў). Але пасля ўсіх адпусцілі.

Еўрарадыё асуджае затрыманні журналістаў у Расіі. Людзі, якія выйшлі на вуліцы каб выявіць сваю пазіцыю, не павінныя апынацца ў аўтазаках. Мы падтрымліваем калег у іх імкненні адстаяць свабоду слова і давесці да расійскіх уладаў, што справа журналіста Івана Галунова сфабрыкаваная. Крымінальны пераслед Галунова мы лічым інспіраваным антыгероямі яго вострых расследванняў, якія датычыліся карупцыі ў вышэйшых колах кіраўніцтва Масквы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі