Машкевіч: “Наўрад ці Туск захоча ехаць да Сідорскага”

Дональд Туск, старшыня партыі “Грамадзянская платформа”, якая перамагла ў Польшчы, мае статус неўязнога ў Беларусь.

На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Польшчы перамагае партыя “Грамадзянская платформа”. На думку Марыюша Машкевіча, былога польскага амбасадара ў Мінску, для Беларусі гэта нічога істотна не зменіць:

“Што тычыцца знешняй палітыкі ў адносінах да Беларусі, дык ніякіх зменаў ня будзе. Тактыка, распрацаваная два гады таму, будзе працягвацца. Максімум – гэта нейкія касметычныя змены, якія будуць залежаць ад асобы міністра замежных справаў”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі упэўнены, што Польшча як сябра Еўразвяза будзе прытрымлівацца ў знешняй палітыцы агульнаеўрапейскай стратэгіі ў адносінах да Беларусі:

“Трэба мець на ўвазе, што Польшча не прэзідэнцкая рэспубліка, а парламенцка-прэзідэнцкая. Тым не менш знешняй палітыкай кіруе прэзідэнт. У адносінах да Беларусі хацеў бы падкрэсліць, што Польшча як сябра Еўрасаюза павінна прытрымлівацца агульных прынцыпаў і стратэгіяў, якія ўжо аб’яўленыя. А стратэгія месціцца ў “12 пунктах”, выканання якіх чакаюць ад беларускіх уладаў”.

Цікава, што магчымы будучы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск мае статус неўязнога ў нашую краіну. У снежні мінулага года яму адмовілі ва ўездзе ў Беларусь, куды ён збіраўся па запрашэнні Саюза палякаў Беларусі. Спадар Машкевіч расказаў Еўрарадыё, што шмат хто з польскіх афіцыйных асобаў не можа наведаць Беларусь:

“Ён ужо наведваў Беларусь, але на другі раз яго не ўпусцілі. Я таксама не ўязны ў Беларусь, дый шмат хто з польскіх афіцыйных асобаў маюць такі статус. Дый наўрад ці Туск захоча ехаць да Сідорскага”.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль ніяк не каментуюць неўязны статус Дональда Туска.

Анжаліка Борыс, старшыня Саюза палякаў Беларусі, паведаміла Еўрарадыё, што спадара Туска не пусцілі ў Беларусь, калі ён у другі раз збіраўся наведаць нашую краіну:

“Як з боку “Права і Справядлівасці”, так і з боку “Грамадзянскай платформы” стаўленне да Беларусі вельмі добрае. Дональд Туск хацеў у свой час прыехаць на святы, якія ладзіў Саюз палякаў Беларусі, аднак яму адмовілі ва ўездзе. Ён проста хацеў выказаць падтрымку нам”.

Богдан Кліх, дэпутат Еўрапарламенту ад партыі “Грамадзянская платформа”, у інтэрв’ю Еўрарадыё таксама пацвердзіў, што знешняя палітыка ў дачыненні да Беларусі не зменіцца. Так, напрыклад, спадар Кліх запэўніў, што праграма імя Каліноўскага для рэпрэсаваных у Беларусі студэнтаў і надалей будзе працаваць у Польшчы:

“Я цалкам перакананы, што праграмы, якія былі скіраваныя на адпаведныя асяроддзі, а менавіта на тых, хто стварае грамадзянскую супольнасць у Беларусі, будуць працягвацца і надалей”.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі