Масква пракаментавала прапанову Лукашэнкі аб сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха

Масква пракаментавала прапанову Лукашэнкі аб сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха

У Маскве пракаментавалі нядаўнюю прапанову Аляксандра Лукашэнкі правесці ў Беларусі сустрэчу Папы Рымскага і маскоўскага Патрыярха. Ён абяцаў падтрымку ў яе арганізацыі з боку ўладаў нашай краіны, каб мінская сустрэча атрымалася “гістарычнай”. Прадстаўнік РПЦ, намеснік старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата архімандрыт Філарэт (Булекаў) паразважаў над словамі беларускага кіраўніка.

”Аляксандр Лукашэнка гаворыць не пра сустрэчу папы і патрыярха — ён гаворыць пра Беларусь, — цытуе словы прадстаўніка Рускай Праваслаўнай Царквы РІА “Новости”. — Беларусь сапраўды з’яўляецца краінай, дзе гістарычна сустракаюцца Захад і Усход. З’яўляючыся праваслаўнай краінай, яна, тым не менш, мае шырокую каталіцкую прысутнасць, нармальныя, канструктыўныя ўзаемаадносіны паміж праваслаўнымі і католікамі, дзе заходнееўрапейская і ўсходнееўрапейская традыцыі разам прысутнічаюць і мірна суіснуюць”.

Архімандрыт Філарэт (Булекаў) лічыць, што Аляксандр Лукашэнка толькі “адштурхнуўся ад той ідэі, ад тых высокіх ацэнак, якія даваліся мінулай сустрэчы, і сказаў, што добрым месцам, калі такая сустрэча будзе і ў будучыні, магла б быць Беларусь”. Прадстаўнік РПЦ падкрэсліў, што паміж Масквой і Ватыканам “ніякіх канкрэтных перамоў аб гэтым не ідзе, іх проста няма”.

“Той сустрэчы, якая была, яе хопіць яшчэ на гады наперад, — працягвае архімандрыт Філарэт. — Я думаю, што словы прэзідэнта Беларусі сведчаць аб яго павазе да тых працэсаў, якія ён бачыць, назірае ў супрацоўніцтве паміж католікамі і праваслаўнымі і гатовы падтрымліваць”.

Папа Рымскі Францішак і маскоўскі Патрыярх Кірыл сустрэліся ў лютым 2016-га ў аэрапорце Гаваны. Яшчэ да той сустрэчы Лукашэнка неаднаразова прапаноўваў правесці падобнае мерапрыемства ў Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі