Матэматычны прагноз па каранавірусе ў Беларусі: калі скончацца апараты ШВЛ
Медсястра ў ахоўным рыштунку бярэ ў мужчыны мазок для аналізу на каранавірус у Беларусі / Reuters
Каранавірус у Беларусі толькі набірае абароты. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі ўжо больш за тысячу пацверджаных выпадкаў заражэння.
Розныя эксперты спрабуюць спрагназаваць развіццё сітуацыі ў Беларусі. Так, дырэктар па даследаваннях у EAST Center Андрэй Елісееў мяркуе, што ў выпадку адсутнасці ўсялякіх мер па супрацьстаянні COVID-19 колькасць смяротных выпадкаў у Беларусі да канца эпідэміі можа скласці 66 тысяч чалавек. А прафесары Універсітэта штата Джорджыя Павел Скумс і Херарда Човэл-Пуэнтэ лічаць, што на піку можа з'яўляцца да 4,5 тысячы новых хворых за дзень.
У рэдакцыю Еўрарадыё даслалі яшчэ адзін матэматычны прагноз развіцця сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. Яго аўтар — Уладзімір Пячонка, па адукацыі менеджар-эканаміст. Сфера інтарэсаў: тэорыя гульняў і матэматычны аналіз. Працуе маркетынгавым аналітыкам.
Бягучае становішча
На момант напісання гэтага тэксту ў свеце было пацверджана 1,36 млн выпадкаў заражэння каранавірусам і больш за 76 тыс. чалавек памерла. У Беларусі ж, адпаведна, з пачатку распаўсюджвання інфекцыі СOVID-19 быў інфікаваны 861 і памерла 13 чалавек. Хоць, калі вы гэта прачытаеце, гэтыя лічбы, хутчэй за ўсё, ужо будуць неактуальныя.
Нягледзячы на неацэннасць жыцця кожнага чалавека, гэтыя лічбы не здаюцца страшнымі на першы погляд. Мы можам часта пачуць, што ад грыпу, раку, інфарктаў і іншых хвароб памірае значна больш людзей кожны месяц і кожны год. І гэта будзе частка праўды, але толькі адна яе частка. Другая частка нам адкрываецца, калі мы глядзім на сітуацыю ў дынаміцы: колькасць заражаных відавочна расце ў геаметрычнай прагрэсіі.
Такі рост назіраецца паўсюдна: і ў сусветным маштабе, і ў асобных краінах. Любы ахвотны можа лёгка пазнаёміцца са звесткамі на сайце ўніверсітэта Дж. Хопкінса.
Матэматычны прагноз
Па словах канцлера Ангелы Меркель, у Германіі "колькасць заражаных падвойваецца раз на пяць дзён". Датычна нашай краіны, зыходзячы з бягучай дынамікі, мы атрымліваем штодзённы прырост выпадкаў інфікавання на 22%. Пры гэтым частка хворых з часам "выпісваюцца" з бальніц або як ачунялыя, або як памерлыя. На аснове колькасці заражаных і прыросту нескладана правесці прагнозны разлік на найбліжэйшую перспектыву.
Атрыманы графік увогуле падобны на вынікі разлікаў Паўла Скумса і Херарда Човэл-Пуэнтэ, і да 27 красавіка агульная колькасць заражаных можа перавысіць 44 тысячы, а ў актыўнай стадыі хваробы будзе 31,5 тысячы жыхароў Беларусі.
Неабходна прызнаць, што магчымасць стрымаць эпідэмію на раннім этапе ўжо прапушчаная. І тут мы ў сусветным трэндзе: амаль усе краіны ўводзілі каранцін, калі крывая захваральнасці ўжо пачынала загінацца ў бок экспанентнага росту.
Колькі чалавек можа памерці ў Беларусі, калі не рабіць дадатковых захадаў?
Асноўная прычына смерці ад каранавіруса — пнеўманія. На смяротнасць ад віруса ўплывае колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (ШВЛ) адносна колькасці хворых з пнеўманіяй, якія маюць патрэбу ў гэтых апаратах. Так, у Германіі на бягучы момант смяротнасць складае каля 1,6% ад колькасці інфікаваных, а ў Італіі больш за 12%.
Па заяве міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, "у краіне больш за 2 тысячы апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх і амаль 1,5 тысячы наркозна-дыхальных апаратаў, якія ў шэрагу выпадкаў могуць выкарыстоўвацца для штучнай вентыляцыі лёгкіх". Разам максімум 3,5 тысячы апаратаў. Паводле звестак навукоўцаў, прыкладна адзін з 6 заражаных мае патрэбу ў апараце ШВЛ.
Пры гэтым ёсць сур'ёзныя сумневы, што ўсе 100% гэтага абсталявання магчыма задзейнічаць толькі для хворых на COVID-19, бо ёсць і іншыя пацыенты.
Але нават пры самым аптымістычным сцэнары — 25 красавіка будзе дасягнута мяжа магчымасцяў па забеспячэнні хворых апаратамі ШВЛ, а ўжо на наступны дзень 800 чалавек могуць памерці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.