Медработніца з Веткаўскага раёна купіла віртуальных папугаяў за 7 тысяч долараў
Медработніца з фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы Веткаўскага раёна аддала 7 тысяч долараў за віртуальных папугаяў і цяпер не ведае, як вярнуць грошы. 25-гадовая дзяўчына знайшла на сайце doska.by абвестку, аўтарка якой абяцала аддаць у добрыя рукі папугаяў жако. Прапанова была прыватнай і дзяўчына спісалася з “гаспадыняй” экзатычных птушак.
Тая імгненна адгукнулася і пасля адказвала на электронныя лісты цягам 11 дзён. Жанчына пацвердзіла, што гатовая аддаць папугаяў бясплатна, аднак трэба аплаціць дастаўку птушак ажно з Камеруна.
Паводле дамоўленасці, жыхарка Беларусі павінна была перавесці грошы ў афрыканскую краіну. Спачатку гаворка ішла пра 500 долараў. Затым спатрэбіліся грошы нібыта на арэнду клетак, на страхоўку, прышчэпкі і афармленне дакументаў. Усяго за некалькі дзён у даверлівай дзяўчыны выманілі 6 690 долараў — столькі грошай яна перавяла махлярцы і яшчэ заплаціла 337 долараў банку ў якасці камісіі. Толькі пасля гэтага яна западозрыла падман і звярнулася ў міліцыю.
Грошы яна брала з сямейных валютных запасаў, употай ад мужа.
Праваахоўнікі зрабілі праверку і высветлілі, што кампутары, з якіх вялася перапіска, знаходзяцца ў Камеруне і ЗША. Па факце махлярства завялі крымінальную справу. Аднак перспектывы вярнуць грошы застаюцца няпэўнымі, паведамляе прэс-служба Гомельскай абласной міліцыі.
Фота: parrot-spb.ru