Меліціна Станюта афіцыйна развіталася з вялікім спортам

Меліціна Станюта афіцыйна развіталася з вялікім спортам

Мастацкая гімнастка Меліціна Станюта афіцыйна завершыла сваю кар’еру. Цырымонія провадаў знакамітай грацыі з вялікага спорту адбылася 23 снежня ў мінскім Палацы спорту на штогадовым турніры Baby Cup BSB Bank 2016.

“Гэтая дзяўчынка прыйшла ў залу ў тры гады. Меліта правяла ў спорце 20 гадоў — увесь гэты час штодзённай працы, неймаверных фізічных нагрузак. Заўсёды трэба думаць, што будзе заўтра. Цябе чакаюць з кожных спаборніцтваў з медалём, а гэта не заўсёды атрымліваецца. І ніхто не бачыць гэтую працу, ніхто не бачыць тваіх слёз”, — сказала галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская.

Яна таксама адзначыла, што за гады выступаў у Станюты з'явіліся заўзятары не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. У прыватнасці, Ляпарская расказала пра заўзятараў з Іспаніі і Японіі, якія ездзілі за Меліцінай на ўсе спаборніцтвы і выступы.

“Меліта брала ўдзел у двух Алімпіядах, не ўсім гэта ўдаецца. У 2012-м у Лондане яна выступала праз год пасля вельмі складанай аперацыі, на другіх для сябе Гульнях, у Рыа, ёй трэба было вытрымаць вельмі цяжкую псіхалагічную нагрузку, увесь свет глядзеў на яе: “Зможа ці не?”. Я думаю, што яна змагла. Меліціну па праве можна назваць Meli Queen”, — сказала на заканчэнне Ляпарская.

У Палац спорту прыйшлі трэнеры Станюты Святлана Бурдзевіцкая, Ларыса Лук'яненка і Марына Лобач, намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі, старшыня прэзідыўма Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Алена Скрыпель, першы намеснік старшыні “Дынама” Вадзім Пуцькоў, чэмпіён Еўропы і свету па скачках на батуце Дзмітрый Паляруш, а таксама першы беларускі алімпійскі чэмпіён Сяргей Макаранка.

Станюта падзякавала ўсім заўзятарам, а таксама трэнерам і харэографам, якія дапамагалі ёй цягам спартовай кар’еры, перадае БЕЛТА.

Спартсменка абвясціла пра свой сыход з мастацкай гімнастыкі 22 снежня. Думкі аб завяршэнні кар'еры ўпершыню прыйшлі да яе пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра, дзе Станюта не трапіла ў лік прызёраў, заняўшы 5-е месца. Меліціна ўпершыню ступіла на гімнастычны памост у 2005 годзе. 23-гадовая грацыя шмат разоў станавілася прызёрам чэмпіянатаў свету і Еўропы, перамагала на этапах Кубка свету, Універсіядзе і Сусветных гульнях. У 2015 годзе атрымала званне заслужанага майстра спорту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі