Міця Тарпішчаў: Праблема у тым, што ўсе хочуць падавацца сур’ёзнымі

tarpishchau_rez.mp3

Еўрарадыё: Зоркі, якім ты задаеш пытанні ў сваёй перадачы, часам негатыўна рэагуюць на гумар. Няўжо ўсё так кепска з пачуццём гумару ў беларускіх зорак?


Тарпішчаў: Гэта дзіўнае назіранне. Мне здаецца, што наадварот – рэагуюць вельмі пазітыўна, не чакаюць пытанняў, для іх непрыемных, а спрабуюць неяк пажартаваць. Можа, у іх не заўсёды гэта выходзіць... Мне здаецца, што з пачуццём гумару збольшага ўсё добра. За выключэннем рэдкіх момантаў усе рэагавалі зычліва. Героі перадачы часта баяцца паказацца дурнымі. А мне здаецца, не баяцца выглядаць дурным – гэта вельмі важная частка пачуцця гумару. Справа не ў пачуцці гумару, не ў тым, што яго нестае, а ў тым, што ўсе хочуць выглядаць крыху больш сур’ёзнымі, чым яны ёсць. Вось гэта праблема.


Еўрарадыё: Некаторыя зоркі пачалі цябе баяцца і пазбягаюць сустрэчы з табой. Чаму?


Тарпішчаў: Быў выпадак на “Славянскім базары” з Аляксандрам Рыгоравічам Ціхановічам. Ён зрабіў выгляд, што вельмі заняты. Калі ж мы, аднак, сустрэлі яго ў грымёрцы, то ён сказаў, што ведае, пра што ідзе гаворка, бо бачыў шоў. Таму, інтэрв’ю не атрымалася, бо калі чалавек гатовы да таго, што з яго будуць жартаваць, то ён адказвае не надта смешна. Але тут трэба адзначыць, што Ціхановіч аказаўся адным за найбольш прасунутых. Ён ведаў, што адбываецца ў свеце і ведаў, хто такі Тарпішчаў – хто інфармаваны, той узброены.


Еўрарадыё: А для цябе ёсць нейкія табу? Тэмы, на якія ты не жартуеш...


Тарпішчаў: Ды не. Цяжка сказаць, што такое табу. Не хочацца жартаваць нецікава. Часам, калі жарты ідуць экспромтам, яны не атрымоўваюцца. Пасля мантажу я выглядаю харашуном-героем, хаця, часамі Міця жартуе не надта трапна. Мы гэта прыгожа выразем з дапамогай сакрэтных нажніцаў.


Еўрарадыё: А які недарэчны выпадак ты можаш узгадаць?


Тарпішчаў: Гэта было ў пэўным рэстаране за горадам. Людзі, якія там сачылі за парадкам, адразу заўважылі, што мы нейкія дзіўныя. Таму, яны намагаліся знаходзіцца недалёка ад нас. Напэўна, баяліся, што мы пачнём нейкую бойку ці яшчэ што. Я чуў, як яны размаўлялі: “Не трэба было іх пускаць.” Вось гэта была памылка беларускага шоў-бізнэсу, што нас некалі пусцілі на вечарыну. Пасля гэтага ўсё і пачалося.


Еўрарадыё: А калі чакаць наступнага шоў?


Тарпішчаў: Я адкрыю вам стратэгію. Я пачаў займацца шоў-бізнэсам, бо хацеў зрабіць бізнэс, рабіць еўрарамонты ў кватэрах знакамітых людзей. Я раздаваў візітоўкі , і цяпер у мяне шмат заказаў. Таму цяпер я знаходжуся ў гіпермаркеце і купляю плінтусы да падлогі для Іны Афанасьевай. Таму, пакуль мы здымаць нічога не плануем – зашмат кватэраў трэба адрамантаваць.


Еўрарадыё: Якія зоркі ўжо маюць еўрарамонт ад Міці Тарпішчава?


Тарпішчаў: Мы падпісваем крывёю дамову, захоўваць таямніцы. Гэта нашмат важнейшае за шоў-бізнэс – гэта еўрарамонт. Калі ты няўдала паклеіш шпалеры – яны могуць адпасці. Тым больш, ведаеце, якія кватэры ў нас робяць? Дзіркі ў сценах трэба заштукоўваць! Я не магу разгалошваць гэтай таямніцы.


Еўрарадыё: А просты смяротны чалавек можа замовіць рамонт ад Міці Тарпішчава?


Тарпішчаў: А як жа! Просты смяротны можа заказаць рамонт, я магу выйсці на шпацыр з вашым сабакам (у мяне ёсць адмысловыя кіналагічныя веды), я добра разбіраюся ў гаспадарцы. Мы можам з камандай прыехаць да вас за разумныя грошы.


Еўрарадыё: Які найлепшы першакрасавіцкі жарт ты можаш узгадаць?


Тарпішчаў: Учора Міця Тарпішчаў пажартаваў з мамы, нібы вырашыў ажаніцца, але мама не паверыла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі