Мігрант, які забіў польскага жаўнера на мяжы ўсё яшчэ ў Беларусі

Сцяна на беларуска-польскай мяжы

Сцяна на беларуска-польскай мяжы / strazgraniczna.pl

Польскія службы ўстанавілі забойцу салдата, які ахоўваў мяжу з Беларуссю. Пра гэта паведамляе польская радыёстанцыя RMF FM са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле звестак журналістаў, устаноўлена, што нападнік — выхадзец з Блізкага Усходу. Ён усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, але можа эвакуіравацца ў Сірыю, лічаць польскія службы.

Следчыя ўстанавілі асобу забойцы, прааналізаваўшы запісы моманту нападу. Дзякуючы гэтаму ўдалося высветліць, як выглядае нападнік. Далей цягам некалькіх тыдняў паліцыянты дапытвалі мігрантаў, якія трапілі ў Польшчу. Таксама былі выкарыстаныя інфарматары з груп мігрантаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі. 

Смяротнае нажавое раненне 21-гадовы польскі радавы 1-й Варшаўскай танкавай брыгады Матэвуш Сітэк атрымаў 28 мая. Ён сканаў 6 чэрвеня ў шпіталі ў польскай сталіцы.

Яшчэ на пачатку чэрвеня Польшча афіцыйна звярнулася да Мінска па дапамогу ва ўсталяванні асобы і арышце чалавека, які забіў польскага вайскоўца. Беларускі бок абяцаў разгледзець зварот, але ў выніку праігнараваў гэты запыт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі