Міліцыя з аўтаматамі і сабакамі разагнала вечарынку прыхільнікаў Legalize
У Бараўлянах пад Мінскам міліцыя з аўтаматамі і сабакамі разагнала рэіў-вечарыну прыхільнікаў руху Legalize Belarus. Удзельнікі руху, які выступае за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў, сабраліся на сустрэчу ў ноч на 30 верасня. Каля 3.00 у бункер, дзе і праходзіла вечарына, уварваліся байцы САХР і затрымалі ўсіх удзельнікаў. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку актывіст руху Пятро Маркелаў.
На месцы вечарыны шукалі забароненыя рэчывы, але не знайшлі. Паводле інфармацыі Маркелава, 27 чалавек даставілі ў Бараўлянскі РАУС і перапісалі там іх дадзеныя. Пры гэтым 5 чалавек былі аштрафаваныя паводле “алкагольнага” адміністратыўнага артыкула. Пазней усіх адпусцілі.
Рух Legalize Belarus існуе адзін год. Яго прыхільнікі ставяць на мэце давесці, што лёгкія наркотыкі не нясуць шкоды і за іх спажыванне не трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасці.