Міліцыя злавіла хуліганаў, якія стралялі па аўтобусах у Маладзечне (відэа)
Імі апынуліся 18- і 17-гадовы юнакі. Адзін з іх вучыцца ў вучэльні, а другі скончыў вечаровую школу, нідзе не вучыцца і не працуе.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 8 верасня. На вуліцы Францішка Скарыны былі абстраляныя тры маршрутныя аўтобусы, пры гэтым пашкодзіўшы 4 бакавыя шыбы. На шчасце, ніхто з пасажыраў не пацярпеў.
Затрыманыя патлумачылі міліцыянтам, што стаміліся гуляць на камп'ютары і вырашылі знайсці сабе іншую забаву. Яны надумалі апрабаваць пнеўматычны пісталет, набыты напярэдадні з рук. Хлопцы выйшлі на гаўбец шостага паверху і некалькі разоў стрэлілі па вокнах маршрутных аўтобусаў, якія праходзілі міма.
Маладзечанскі Следчы камітэт пачаў крымінальную справу за хуліганства.
Фота — rh.by