Міліцыя затрымала мужчыну, які перапрадаваў гандлёвыя месцы на Камароўскім рынку
У Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі мужчына, якога падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі Камароўскага рынку, паведамляе прэс-служба МУС. Гэта 62-гадовы раней судзімы жыхар Мінскага раёна.
Паводле звестак міліцыі, мужчына праз падстаўных асоб набыў прыватнае прадпрыемства, але не збіраўся весці прадпрымальніцкую і статутную дзейнасць. На працягу некалькіх гадоў ён ад імя гэтага прадпрыемства здаваў фізічным асобам у субарэнду гандлёвыя месцы на Камароўскім рынку. За гэтыя паслугі ён патрабаваў разлічвацца наяўнымі грашыма. Прыбытак мужчыны склаў не менш за 50 тысяч рублёў.
Таксама мужчына, паводле інфармацыі сілавікоў, без дзяржаўнай рэгістрацыі даваў грошы ў пазыку, налічваючы на іх адсоткі. Яго прыбытак склаў не менш за 127 тысяч долараў ЗША.
Затрыманы, як інфармуе міліцыя, сістэматычна запалохваў гандляроў на рынку. Ён паведамляў кантралюючым органам на непажаданых асобаў фальшывыя звесткі, каб да іх прыйшлі разнастайныя праверкі да рэвізіі. За сваю "лаяльнасць" мужчына патрабаваў грошы.
Паведамляецца, што злачынную дзейнасць на Камароўскім рынку мужчына вядзе з 1991 года. У яго "паслужным спісе" — махлярства, вымагальніцтва, незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы. У 2001 годзе ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, але пасля вызвалення працягнуў займацца незаконнай дзейнасцю.
Цяпер яго падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ды ілжэпрадпрымальніцтве. Затрыманага ўзялі пад варту.