Мінадукацыі: у школы гатовыя прыйсці каля 40% вучняў
Каля 40% вучняў гатовыя прыйсці ў школы на наступным тыдні — такі вынік маніторынгу, які правяло Міністэрства адукацыі. Астатнія аддаюць перавагу дыстанцыйнаму навучанню. Пра гэта заявіла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
"Сёння каля 40% навучэнцаў гатовыя сесці за парту і працягнуць навучанне ў чацвёртай чвэрці. Для навучэнцаў, які па заяве бацькоў не прыйдуць у школы, мы вывучаем магчымасць арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій", — перадае БЕЛТА словы чыноўніцы.
Каржова паведаміла, што больш за 90% установаў адукацыі маюць хуткасны інтэрнэт, больш за 85% тэхнічна гатовыя пачаць дыстанцыйнае навучанне. Выкладаць з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогіяў гатовыя 85% настаўнікаў. А сярод вучняў 75% гатовыя да дыстанцыйнага навучання.
Тых, хто не гатовы хадзіць на вочныя заняткі, Мінадукацыі прапануе перавесці на індывідуальны навучальны план.
Мяркуецца, што настаўнікі і вучні будуць кантактаваць праз інтэрнэт. Каналы ўзаемадзеяння: электронная пошта, сайт установы адукацыі, Skype, Viber — будзе выбіраць школа ў залежнасці ад спецыфікі, магчымасцяў, тэхнічнага абсталявання.
У сувязі з распаўсюдам каранавіруса школьныя вакацыі ў Беларусі расцягнуліся на тры тыдні замест аднаго. Аднак з 20 красавіка ў іх пачнецца чацвёртая навучальная чвэрць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.