Мінчук прадаваў наркотыкі, купленыя за крыптавалюту
У Мінску на праспекце Незалежнасці 25 студзеня міліцыянты затрымалі 34-гадовага непрацуючага мінчука, які прадаваў наркотыкі "з рук у рукі". Падрабязнасці распавядае сайт сталічнай міліцыі.
Зламыснік прадаваў наркотыкі вызначанаму колу асобаў, якія пералічвалі яму грошы на банкаўскую картку. Атрыманыя рублі мужчына канвертаваў ў крыптавалюту, а потым за яе набываў буйныя партыі псіхатропаў для далейшага перапродажу.
Мінчука затрымалі разам з пакупніком ў аўтамабілі падчас чарговай здзелкі. Пры ператрусе ў прадаўца знайшлі і канфіскавалі 10,3 грама псіхатропнага рэчыва белага колеру, у пакупніка — 0,6 грама. Экспертыза выявіла, што канфіскаваны парашок мае ў сваім складзе асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — пара-метылэфедрон.
На прадаўца пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў. Яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці. На пакупніка наркотыкаў таксама пачалі крымінальную справу.