Мінчукі і гродзенцы лідзіруюць па прагулах сярод нядбайных бацькоў
Сярод працаўладкаваных абавязаных асоб часцей за ўсё прагульваюць працу жыхары Мінска і Гродзеншчыны. А менш за ўсё — жыхары Магілёўскай вобласці. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва.
Чыноўніца кажа, што ў 2014 годзе сярод працаўладкаваных абавязаных асобаў прагульшчыкам быў практычна кожны другі (48,9%). А вось у 2015-м іх колькасць знізілася да 42,7%. Найбольшая колькасць прагульшчыкаў сярод уладкаваных на працу нядбайных бацькоў — у Мінску (64,6%), другое месца займае Гродзенская вобласць (47,2%). Самы нізкі паказчык дае Магілёўшчына — 28%.
Дарэчы, да 2 млн рублёў павінны кампенсаваць штомесяц больш за палову ўсіх абавязаных асоб. На працоўныя месцы з узроўнем аплаты працы 2-3 млн рублёў летась былі ўладкаваныя 56,9% абавязаных асоб, больш за 3 млн — 42,5%. Яны працуюць пераважна ў арганізацыях ЖКГ (больш за палову ўсіх працаўладкаваных нядбайных бацькоў), сельскай гаспадарцы, на прамысловых прадпрыемствах і ў іншых сферах.