Мінэнерга Расіі прапануе пакараць Беларусь за зрыў паставак бензіну
Расійскае Міністэрства энергетыкі не задаволенае тым, як Беларусь выконвае свае абавязанні па пастаўках у Расію бензіну і прапануе прыняць захады ў адказ. Пра гэта 29 студзеня заявіў журналістам намеснік міністра энергетыкі Анатоль Яноўскі.
Раней паведамлялася, што Беларусь спыніла пастаўкі бензіну на расійскі рынак, бо кошты сталі занадта нізкімі. Апошнія пастаўкі расійскім трэйдэрам былі зробленыя ў пачатку студзеня. Іх аб’ём склаў 239 тонаў і гэта ўсяго 0,2% ад паставак у студзені 2015 года (101,6 тысячы тонаў). Звычайна доля беларускага бензіну на расійскім рынку складае 3-5%.
Як заяўляюць у расійскім Мінэнерга, яны дакладваюць пра гэтую сітуацыю ва ўрадзе, у тым ліку пра магчымыя захады, якія ў ведамстве могуць зрабіць, каб прымусіць беларускіх партнёраў выконваць узятыя на сябе абавязанні, паведамляе БелаПАН са спасылкай на расійскія СМІ.
28 студзеня віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў у Гомелі, што беларускія вытворцы маюць права не пастаўляць тавар на расійскія біржы, калі такія пастаўкі будуць стратнымі. Ён спаслаўся на пагадненне, падпісанае 29 траўня 2014 года, паводле якога пастаўкі ў Расію нафтапрадуктаў ажыццяўляюцца да таго часу, пакуль цана іх рэалізацыі, кіруючыся прынцыпам адваротнага адліку, будзе не ніжэй за еўрапейскую. Па словах віцэ-прэм’ера, сёння розніца ў цане бензіну, які пастаўляецца ў Расію і ЕС, складае ад 80 да 100 долараў. Сямашка таксама падкрэсліў, што прадаваць бензін па цане, ніжэйшай за сабекошт, злачынства ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў.