Мінфін: Разлічвалі, што праект бюджэту дэпутаты пачнуць разглядаць 15 снежня
Бюджэт Беларусі на 2016 год у Палату прадстаўнікоў дагэтуль не паступіў. І гэта пры тым, што паводле плана працы дэпутатаў на 18 снежня ў іх запланаванае апошняе пасяджэнне і закрыццё сесіі.
Ня гледзячы на гэта ў Міністэрстве фінансаў разлічваюць, што бюджэт-2016 будзе прыняты да канца года, кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Мінфіна Ірына Комар.
Комар: “Папярэдне было запланаванае на гэтым тыдні, нават сёння, першае чытанне дакумента. Мы рыхтаваліся на сёння. У любым выпадку, ёсць працэдура працягнення: сесія заканчваецца 18 снежня, але паводле заканадаўства яны могуць на два дні працягваць афіцыйна сваю працу і працаваць яшчэ два дні пасля 18-га. Калі ў гэтыя тэрміны не атрымліваецца, то ёсць пазачарговыя сесія. Мы спадзяемся, што цягам гэтага тыдня пасяджэнні адбудуцца, і ўсё разгледзім. Да прыкладу, заўтра дакумент унясуць і могуць разглядзець 17-га і 19 снежня”.
Па словах прадстаўніцы Мінфіна, апошнія 5 гадоў “законы аб бюджэце ў нас прымаліся ў асноўным 30-31 снежня”. Маўляў, таму час яшчэ ёсць. Калі ж раптам здарыцца так, што сёлета галоўны фінансавы дакумент прыняты не будзе, то Бюджэтным кодэксам прадугледжана, у якім памеры адбываецца фінансаванне — на кожны месяц 1/12 ад бюджэту леташняга.
У прэс-службе Палаты прадстаўнікоў раніцай 15 снежня Еўрарадыё паведамілі, што на цяперашні момант Праект бюджэту на наступны год з Адміністрацыі прэзідэнта ім не паступіў.
Фота: Змітра Лукашука