Мінгандлю прапануе даць іпэшнікам адтэрміноўку на ўстаноўку тэрміналаў

Міністэрства гандлю Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з ініцыятывай працягнення тэрміну абавязковай устаноўкі плацёжных тэрміналаў у Мінску і гарадах абласнога падпарадкавання да 1 студзеня 2016 года. Вось што распавяла Еўрарадыё кіраўніца аддзела арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Беразоўская:

"Улічваючы, што прадпрымальнікам працягнулі да 1 студзеня 2016-га магчымасць распрадаваць рэшткі тавараў без сертыфікатаў, мы вырашылі звярнуцца з такой прапановай. Шмат хто з гэтых прадпрымальнікаў кажа, што пасля таго, як распрадасць тавар, працягваць працаваць не будзе. Натуральна, што на паўгода набываць тэрмінал і плаціць за яго 7-8 мільёнаў для іх бессэнсоўна. Усе ж мы людзі і ўсё разумеем”.

Нагадаем, у адпаведнасці пастановай ураду ад 6 ліпеня 2011-га, у гандлёвых аб'ектах, размешчаных у Мінску і гарадах абласнога падпарадкавання (абласныя цэнтры плюс Жодзіна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск і Наваполацк) ужо ад 1 ліпеня 2015 года на кожную адзінку касавага абсталявання мусіць стаяць плацёжны тэрмінал.

Прапанова Мінгандлю набудзе моц толькі пасля таго, як урад яе ўхваліць і даручыць Міністэрству па падатках і зборах распрацаваць адпаведны праект. Пасля дакумент трэба будзе ўзгадніць ва ўсіх дзяржорганах і толькі тады Нацбанк і ўрад здолеюць надаць яму моц.

“Калі рашэнне будзе прымацца аператыўна, то месяца, мне падаецца, на ўсё гэта дастаткова”, — рэзюмуе Віялета Беразоўская.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі