Мінгарвыканкам будзе сачыць за ўзроўнем коштаў на асноўныя тавары
Спецыялісты галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама працягнуць штотыднёвы маніторынг коштаў па асноўных групах тавараў. Мэта маніторынгу — не дапусціць неабгрунтаванага падаражання, паведамляе БелаПАН са спасылкай на галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынка Мінгарвыканкама.
Чыноўнікі нагадваюць гандлёвым арганізацыям і вытворцам пра даведзены кіраўніком дзяржавы паказнік інфляцыі на 2016 год — гэта ўсяго 12%, а таксама звяртаюць увагу на сацыяльную значнасць павышэння коштаў для большасці насельніцтва краіны.
“Кошты на тавары павінны быць такімі, каб спажывец мог іх набыць. Звернутая ўвага кіраўнікоў на датрыманне існуючага ўзроўню гандлёвых надбавак і коштаў на ўсе спажывецкія тавары”, — гаворыцца ў паведамленні ўпраўлення.
Пры гэтым чыноўнікі нагадалі, што з 15 студзеня ўрад адмяніў рэгуляванне коштаў на сацыяльна значныя тавары.