Мінгарвыканкам дазволіў канцэрт і мітынг ля Опернага тэатра на Дзень Волі
Мінгарвыканкам даў дазвол на правядзенне канцэрта і мітынгу, прысвечаных стагоддзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства пройдзе на пляцоўцы ля Опернага тэатра з 14.00 да 19.00. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў: “Мінгарвыканкам вырашыў падтрымаць нашу заяўку на арганізацыю і правядзенне святочнага канцэрта і мітынгу ў тым выглядзе, як мы і прасілі ў сваёй заяўцы. Прычым, рашэнне было прынятае нават хутчэй, чым за пяць дзён, як нам ад пачатку казалі”.
Па словах Рыгора Кастусёва, адначасова з заяўкай на правядзенне канцэрта і мітынгу, у Мінгарвыканкам быў пададзены зварот пяці арганізацый з просьбай разгледзець магчымасць правядзення 25 сакавіка і шэсця. Але на гэты зварот, кажа суразмоўца Еўрарадыё, адказу пакуль няма. Але Кастусёў не выключае, што ён будзе крыху пазней, і што адказ наконт шэсця будзе станоўчым.