Мінздароўя Беларусі створыць сістэму ўнутранай бяспекі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі створыць "сістэму ўнутранай бяспекі". Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў міністр аховы здароўя Валерый Малашка. Паводле яго слоў, бяспекай будуць займацца вопытныя эканамісты-кантралёры.
Малашка: "Мы сапраўды павінны здзейсніць нейкую перазагрузку тых узаемаадносін, найперш фінансава-гаспадарчай дзейнасці, кантрольнай дзейнасці з установамі аховы здароўя. Зразумела, што сёння мы павінны ўводзіць і сістэму ўнутранай бяспекі. Гэта не столькі міліцэйскія функцыі, так скажам, колькі найперш вопытныя эканамісты, якія будуць кантраляваць і сярэднеўзважаныя цэны на тую тэхніку, якая набываецца, на лекавыя прэпараты. Кантраляваць парадак правядзення тых ці іншых працэдур".
11 верасня прайшла нарада ў кіраўніка дзяржавы, прысвечаная праблемным пытанням у сістэме аховы здароўя. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за карупцыю ў медыцынскай сферы распачалі 95 крымінальных спраў, у іх фігуруюць дзясяткі мільёнаў долараў, пад следствам амаль 100 чалавек. Ён заявіў, што стаіць задача "выкарчаваць" карупцыю ў медыцынскай сферы "дашчэнту". У той жа час Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы незадаволеныя сітуацыяй у беларускай медыцыне, "скардзяцца [на] чэргі ў паліклініках, хамства з боку лекараў павальнае". Кіраўнікі галіны атрымалі тэрмін да пачатку 2019 года, каб аздаравіць сітуацыю.
У аўторак прайшла нарада ў Міністэрстве аховы здароўя, на якой міністр анансаваў папераджальныя меры па барацьбе з карупцыяй. Больш падрабязна гл. тут.