Міністэрства па падатках адмаўляецца ад "страхоўкі для бізнэсоўцаў"
Міністэрства па падатках і зборах не разглядае праект дакумента, які ўводзіць "гарантыйны" дэпазіт для бізнэсу. Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" заявіў кіраўнік ведамства Сяргей Налівайка. Праграма выйшла ў эфір 15 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 1".
На мінулым тыдні ў СМІ з'явілася інфармацыя, што бізнэсоўцы могуць атрымаць "страхоўку" ад крымінальнай або адміністрацыйнай адказнасці па эканамічных злачынствах, калі пакладуць на дэпазіт 50 тысяч рублёў. Калі на ўладальніка такога дэпазіту пачнуь справу, то разглядаць яе будуць у спрошчаным рэжыме.
Намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка ў каментары Еўрарадыё паведаміла, што міністэрства такі законапраект не распрацоўвала, але эксперты вядуць працу ў гэтым напрамку.
Цяпер міністр Налівайка цалкам абверг гэтую інфармацыю. "Я магу выказаць здагадку, адкуль пайшоў імпульс. Наша ведамства разглядае масу прапановаў, якія паступаюць ад грамадскасці на інтэрнэт-сайты, ад бізнэс- саюзаў. Адна з прапаноў, адна з ідэй гучала ў выглядзе такога забеспячальнага дэпазіту. Таму гэтая ідэя (не больш за тое) была разгледжаная на ўзроўні экспертаў", — цытуе БЕЛТА словы чыноўніка.
Ён дадаў, што гэтая ідэя не заслугоўвае ўвагі і распрацоўвацца не будзе.