Міністр абароны Беларусі перапісваецца з апазіцыянерам праз сайт

Міністр абароны Беларусі перапісваецца з апазіцыянерам праз сайт

Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў перапісваецца з апазіцыйным дзеячом, былым палітвязнем Мікалаем Статкевічам праз сайт Мінабароны. 15 снежня там з'явілася інфармацыя пра "чарговы зварот" Статкевіча, які, нібыта, "мэтанакіравана скажае рэчаіснасць". З гэтай нагоды сайт змясціў кароткі адказ міністра абароны: "М. Cтаткевічу. Калі вы не згодныя з Міністрам абароны — гэта вашы праблемы. Двойчы — не паўтараю. А. Раўкоў".

Міністр абароны Беларусі перапісваецца з апазіцыянерам праз сайт

Як інфармавала Еўрарадыё, 2 снежня таксама праз сайт Міністэрства абароны Беларусі з'явіўся адказ міністра абароны на зварот Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу (сярод яго лідараў — Статкевіч). Апазіцыянеры цікавіліся, ці праўда, што было праведзена закрытае апытанне афіцэраў беларускай арміі і 70-80% з іх "хацелі б не фармальнага, а фактычнага аб’яднання Расіі і Беларусі"? Міністр абароны адказаў, што такога апытання не было. Раўкоў запэўніў, што "афіцэрскі корпус адданы Беларусі і гатоў абараняць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць краіны, непахіснасць яе канстытуцыйнага ладу ў любых умовах абстаноўкі".

Учора стала вядома, што вайсковая камісія БНК накіравала прапановы Міністэрству абароны "па падвышэнню маральна-псіхалагічнай гатоўнасці беларускага войска да абароны незалежнасці краіны". Апазіцыянеры заявілі, што рэакцыя мінабароны "будзе сведчыць, ці гатовыя людзі, службовым абавязкам якіх з'яўляецца абарона незалежнасці краіны ад усіх мажлівых пагроз, нарэшце заняцца сумленным выкананнем свайго абавязку".

Міністр абароны Беларусі перапісваецца з апазіцыянерам праз сайт
Мікалай Статкевіч. Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі