Міністр працы: Кожная сёмая беларуска працуе на пенсіі
Пры гэтым афіцыйны пенсійны ўзрост для жанчын у нашай краіне амаль на 10 гадоў ніжэйшы, чым у большасці еўрапейскіх дзяржаў.
Міністр працы Беларусі Марыяна Шчоткіна выказала сваё меркаванне пра магчымае павышэнне пенсійнага ўзросту для жанчын. На яе думку, збліжэнне пенсійнага ўзросту мужчын і жанчын — “гэта сусветная практыка па дасягненні гендэрнай роўнасці”. Па словах міністра, кожная сёмая беларуска працягвае працаваць пасля пенсіі. На сёння пенсійны ўзроставы парог для жанчын у нас амаль на 10 гадоў ніжэйшы, чым у большасці краін Еўропы і свету. Напрыклад, у Германіі гэта 67 гадоў, у Даніі — 69, у Італіі — 68, у Балгарыі — 63 гады, адзначыла Марыяна Шчоткіна ў інтэрв’ю БЕЛТА.
На думку чыноўніцы, 55 гадоў — актыўны і прадуктыўны ўзрост, які ў сучасных умовах складана суаднесці з непрацаздольнасцю. Таксама Шчоткіна адзначыл, што чаканая працягласць жыцця для жанчын, якія дасягнулі 55 гадоў, складае 26 гадоў, а для мужчын, якім 60 гадоў — толькі 15,5 года.
Але ж пры гэтым кіраўніца ведамства і старшыня Беларускага саюза жанчыне не выказалася наўпрост пра магчымасць павелічэння пенсійнага ўзросту для беларусак. Са словаў Марыяны Шчоткінай, у гэтым пытанні трэба ўлічваць сацыяльныя і эканамічныя ўмовы, якія склаліся ў краіне, а таксама нацыянальныя традыцыі і менталітэт.
“Пенсійны парог у 55 гадоў — гэта своеасаблівы бонус жанчыне за неаплачаную хатнюю працу, дагляд за роднымі і выхаванне дзяцей. Рашэнне па гэтым пытанні павінна быць узважаным”, — мяркуе чыноўніца.