Мінпрыроды: Беларусь забяспечаная запасамі нафты на 35 гадоў
Беларусь забяспечаная запасамі нафты прыкладна на 35 гадоў. Пра гэта ў артыкуле, апублікаваным у апошнім нумары часопіса Мінфіна "Фінансы, улік, аўдыт", паведаміў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Хрушчоў.
На сённяшні дзень у нашай краіне выяўленыя 82 радовішчы нафты. Аб'ём яе здабычы, паводле ацэнак міністэрства, стабілізаваўся на ўзроўні 1,65 млн тон за год.
Як сведчаць звесткі Мінпрыроды, назіраецца тэндэнцыя пагаршэння структуры рэшткавых нафтавых запасаў, у якіх узрастае доля цяжказдабыўных вуглевадародаў. "Асваенне і павышэнне нафтааддачы ад пакладаў з цяжказдабыўнымі запасамі традыцыйнымі спосабамі не прыносіць чаканых вынікаў. Для іх эксплуатацыі неабходна выдаткаваць павышаныя фінансавыя, працоўныя і матэрыяльныя рэсурсы, выкарыстоўваць нетрадыцыйныя тэхналогіі, спецыяльнае несерыйнае абсталяванне, рэагенты і матэрыялы", — адзначае Хрушчоў.
Ва ўмовах нізкіх цэн на нафту засваенне пакладаў з цяжказдабыўнымі запасамі вуглевадародаў не заўсёды мэтазгоднае, лічыць намеснік міністра. У сувязі з гэтым, адзначае ён, асноўнымі шляхамі папаўнення рэсурснай базы вуглевадародаў у бліжэйшай перспектыве з'яўляюцца прырост запасаў за кошт правядзення пошукава-разведачных работ, у тым ліку на вялікіх глыбінях (5 000 метраў і больш), а таксама ўкараненне новых тэхналогій і павелічэнне каэфіцыентаў здабывання нафты на дзейных радовішчах звыш праектных значэнняў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка падчас снежаньскай нарады аб стане і перспектывах развіцця сыравіннай базы даручыў вывучыць перспектыўныя рэгіёны краіны на прадмет выяўлення новых радовішчаў нафты. Пошук запасаў вуглевадароднай сыравіны было даручана ажыццявіць на тэрыторыі Віцебскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, інфармуе БелаПАН.