Мінскае “Дынама” атрымала першую перамогу ў чэмпіянаце КХЛ (відэа)
У сераду, 6 верасня, здарылася неверагоднае — мінскае “Дынама” ў сёмым матчы чэмпіянату КХЛ нарэшце атрымала першую перамогу, абыграла ў гасцях “Сочы” — 4:2 (0:1, 2:1, 2:0). Да таго ж мінчукі закінулі чатыры шайбы! І гэта пры тым, што ў шасці папярэдніх паядынках (усе яны былі прайграны) было закінута толькі 5!
Першы перыяд быў за гаспадарамі пляцоўкі, якія перакідалі мінчукоў — 14:12 (у створ — 9:5). На 3-й хвіліне Аляксей Цвяткоў вывеў “Сочы” наперад. У другім перыядзе ўжо дамінавалі дынамаўцы. На 32-й і 33-й хвілінах Аляксандр Кітараў і Джасцін Фантэйн добра згулялі на дабіванні і “Дынама” выйшла наперад! Аднак зноў праявілася характэрная для гульцоў беларускай каманды недысцыплінаванасць — выдаленне Шарля Лінгле, і Вадзім Шчагалькоў зраўнівае лік. У другім перыядзе, дарэчы, дынамаўцы па кідках лідыравалі з вялізным адрывам — 28:12 (у створ — 22:9).
Важную шайбу ў трэцім перыядзе закінуў Роб Клінкхамер (на 47-й хвіліне), а Фантэйн паставіў пераможную кропку (на 51-й) і аформіў дубль. У трэцім перыядзе, дарэчы, перавага "Дынама" па кідках была падаўляючай — 24:7 (у створ — 15:6).
8 верасня мінскае “Дынама” згуляе ў Ніжнім Ноўгарадзе з мясцовым “Тарпеда”. Пакуль беларуская каманда з'яўляецца аўтсайдэрам, як і рыжскае "Дынама", мае 5 ачкоў і займае 13 месца ў Заходняй канферэнцыі.