Мінскае "Дынама" завяршае выязную серыю паразай
17 кастрычніка мінскае "Дынама" паядынкам з "Сочы" завяршыла выязную серыю з чатырох матчаў чэмпіяната Кантынентальнай хакейнай лігі. "Гастролі" пачаліся для "зубороў" з дзвюх буйных паразаў — 2:6 ад СКА ў Санкт-Пецярбургу і 2:7 ад ЦСКА ў Маскве. Пасля дынамаўцы ў авертайме перайгралі "Северсталь" — 4:3. І, нарэшце, 17 кастрычніка ва ўпартай, хаця і не вельмі актыўнай барацьбе мінскі клуб таксама ў авертайме саступіў камандзе "Сочы" — 1:2.
У першым перыядзе каманды быццам бы прыглядаліся адна да адной. Сапраўды вострых момантаў было няшмат. Аднак на 15-й хвіліне гаспадары здолелі адкрыць лік: шайбу на пятачку падправіў О'Дэл.
На тое, каб апрытомець і закінуць шайбу ў адказ, "зубрам" спатрэбіліся доўгія 25 хвілінаў. Паўловіч выкаціўся з-за варот сочынцаў і зраўняў лік моцным кідком з кропкі ўбрасвання на 40-й хвіліне.
У трэцім тайме закінутых шайбаў не было, і сустрэча працягнулася ў авертайме. Які не зацягнуўся надоўга — ужо праз тры хвіліны сочынцы правялі хуткую контратаку, і Аляксандраў дабіў шайбу ў вароты Скрывенса.
Наступны матч "Дынама" правядзе ўжо 19 кастрычніка. На гэты раз — на "Мінск-Арэне". Сапернікам мінскага клуба будзе маскоўскі "Спартак".