Мінскі доктар-нарколаг збываў пацыентам псіхатропныя прэпараты
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць 38-гадовага супрацоўніка аднаго з прыватных медыцынскіх цэнтраў Мінска. Мужчыну вінавацяць у незаконным набыцці наркотыкаў з мэтай збыту і незаконным збыце псіхатропных рэчываў, учыненым службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў.
Як выявіла следства, са студзеня па ліпень 2018 года псіхіятр-нарколаг выпісваў рэцэпты на набыццё псіхатропных прэпаратаў на імя асоб, якія была неабходная адпаведная меддапамогі. Але выпісаныя рэцэпты ён атаварваў у аптэках сам.
Потым мужчына ад імя медцэнтра аказваў грамадзянам платныя паслугі: даваў кансультацыі і выдаваў незаконна набытыя лекі пацыентам, якія не ведалі пра яго злачынную дзейнасць. Пры гэтым грошы за гэтыя паслугі ён часткова прысабечваў.
На след нарколага міліцыянты выйшлі падчас пошуку асобаў, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту забароненых рэчываў. Пры сабе ў мужчыны знайшлі 93 таблеткі, якія маюць у сваім складзе псіхатропныя рэчывы. Доктара ўзялі пад варту.
Падчас расследавання следчыя дапыталі каля 100 чалавек — як медыкаў, так і людзей, на чыё імя выпісваліся рэцэпты, а таксама пацыентаў, якім лекар аказваў платныя паслугі. Выяўленыя 26 фактаў набыцця і 5 фактаў збыту псіхатропных прэпаратаў. Таксама следчыя далучылі да справы запісы з відэакамераў з васьмі аптэк горада, якія зафіксавалі, як мужчына набываў лекі.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.