Мінскі стадыён "Дынама" зробяць лёгкаатлетычным
Але на ім можна будзе праводзіць футбольныя матчы. Рэканструкцыю стадыёна павінны завяршыць да 2017 года.
Гэта прадугледжана ўказам №220 "Аб рэканструкцыі комплексу аб'ектаў стадыёна" Дынама" ў Мінску", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 траўня, перадае БелаПАН.
Заказчык па праекце — КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама", генеральная праектная арганізацыя — УП "Мінскпраект". Фінансаванне работ будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў сталічнага бюджэту. Арыенціровачны кошт праекта — каля 150 млн еўра.
Пры распрацоўцы праектнай дакументацыі на рэканструкцыю аб'ектаў стадыёна дазваляецца прымяненне будаўнічых нормаў і правілаў, аналагічных тым, што дзейнічаюць у Расіі да Еўрасаюзе.
У выніку рэканструкцыі стадыён "Дынама" атрымае 1-ю катэгорыю ў адпаведнасці з крытэрамі Кіраўніцтва па лёгкаатлетычных збудаваннях IAAF-2008. Гэта дазволіць праводзіць спартовыя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню па лёгкай атлетыцы.
Нагадаем, 1 красавіка на нарадзе аб будаўніцтве значных аб'ектаў Аляксандр Лукашэнка падверг Мінгарвыканкам крытыцы за адтэрміноўкі ў рэканструкцыі "Дынама".