Мінскую кватэру за 500 тысяч долараў ніхто не купляе (фота)

Па дадзеных інтэрнэт-цэнтра нерухомасці «Realt.by» кошты на кватэры ў Мінску дасягнулі рэкордных 2 тысячаў долараў за метр. Міністр архітэктуры Беларусі сцвярджае, што яны будуць расці і далей (да 2,5 тысяч долараў). Пры гэтым эксперты лічаць, што на самой справе цэны на жыллё зніжаюцца, і тлумачаць, што 2000$ - гэта цана для торга, рэальныя ж кошты ў хуткім часе знізяцца да 1500$.
Месяц таму “Еўрарадыё” пісала пра кошт кватэраў у сталіцы – “Кватэра ў Мінску каштуе, як віла на Карыбах ці фазэнда ў Бразіліі”. У артыкуле ўзгадвалі кватэру каля цырка, якая каштавала 500 тыс. долараў. Кватэра была выстаўлена на продаж яшчэ ўвесну. Мы пацікавіліся, ці купіў яе хто-небудзь, аказалася, што кватэра ўсё яшчэ прадаецца.

Эксперт інтернет цэнтра REALT.BY Аляксандр Мартыненка пацвярджае, што цяпер здзелак адбываецца вельмі мала. Рэальна нічога не прадаецца:

“Кватэры знаходзяцца на рынку не менш за месяц. Вельмі шмат эксклюзіваў, а здзелак мала. Кватэры быццам бы ёсць, а рэальна нічога не прадаецца”.

Магчымае тлумачэнне такога застою – высокія цэны. Менавіта восенню назіраецца самы высокі ўзровень коштаў на рынку нерухомасці. Ці захаваецца такая традыцыя і ў гэтым годзе?
Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся да дырэктара агенцтва нерухомасці “Цэнтрастыль” Вячаслава Заўгародняга. Лічбу ў 2500$, агучаную міністрам архітэктуры Селязнёвым, ён каментуе наступным чынам:

“Вельмі цікавы прагноз, і цікава на чым ён грунтаваўся?

Хутчэй за ўсё, рост цэнаў усё роўна будзе, але будзе нязначным – 1-2%. Звязана гэта са многімі фактарамі: ростам цэнаў на энэрганосбіты, будматэр’ялы, будаўнічыя работы і г.д”.

Цікавае меркаванне наконт цэнаў выказвае кіраўнік агенства “БелЦТН” Мікалай Прасталупаў. Ён нечакана запэўнівае, што на самой справе цэны не растуць, а зніжаюцца. Уся справа ў тым, што ў рэальных здзелках прадаўцы заўсёды зніжаюць цэны:

“4 апошнія месяцы сітуацыя напружаная і стабільная – пакупнікі нічога не купляюць, цэны стаяць. Насамрэч росту няма. Той рост цэнаў, што мы назіраем цяпер (1-2 %), гэта так званыя “мяркуемыя” цэны. Гэта прадаўцы спрабуюць выстаўляць з перспектывай на тое, што праз месяц-два цэны павялічацца…

Лістынг продажу ён заўсёды вышэйшы за рэальныя здзелкі. У рэальных здзелках заўсёды ідуць на зніжэнне цэнаў. Так што тут назіраецца хутчэй за ўсё нават мінус, а не +1%. Таму што ў рэальных прадажах, прадаўцы вымушаны ісці на зніжэнне цэнаў”.

Мікалай Прасталупаў дадае, што хістанні у межах 2-3% магчымыя, але яны будуць адбывацца да снежня — 15 снежня рынак спыняецца. “Ні роста, ні падзення хутчэй за ўсё не будзе”, - дадае эксперт:

“Я так разлічваю, што да сакавіка цэны будуць не 2,500 тыс., а 1500 тыс. Не будуць расці. Чаго ім расці? Куды ім расці?”

Нагадаем, што за апошнія 5 год сярэдні кошт кватэраў павялічыўся з 350 да 2000 долараў за метр квадратны. А гэта амаль у 6 разоў.

Аляксандр Мартыненка зазначыў, што прапановы кватэраў павялічваюцца. Яшчэ месяц таму на сайце realt.by было выстаўлена на продаж менш за 7000 аб’ектаў, а цяпер – 8500 аб’ектаў:

“Цяжка прагназаваць, але хутчэ за ўсё цэны павінны зніжацца: калі прапановы павялічваюцца, суадносна цана зніжаецца”.

Ацэньваючы сітуацыю на рынку нерухомасці, можна і сапраўды меркаваць, што кошты павінны зніжацца, бо іначай кватэры проста не будуць купляць.

Так выглядае кватэра за 500 тысяч долараў:











Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі