Міжнародны дзень бармэна — нагода, з якой нельга піць, не змешваючы

Прыгатаванне кактэйляў – працэс амаль бязгучны. Кубкі і бутэлькі лётаюць у руках бармэна як жанглёрскія кеглі… За яго спінай – яго крэпасць, бар. Кожны бармэн павінен ведаць класіфікацыю і законы спалучэння абсалютна ўсіх напояў, якія там ёсць, валодаць мастацтвам змешвання інгрыдыентаў у дакладных прапорцыях.

Працу бармэна можна параўнаць хіба што з рамяством алхіміка — з той розніцай, што ўсе алхімікі дамагаліся аднаго — стварэння філасофскага камяня.

Мэтай жа ўсіх без выключэння бармэнаў з’яўляецца разнастайнасць… Распавядае намеснік старшыні праўлення Мінскай асацыяцыі бармэнаў Аляксей Міхальчык:

“Бармэн — гэта вялікая асоба ў рэстаранным бізнэсе, гэта шоумэн, гэта дырыжор чалавечага адпачынку…

Людзі ж прыходзяць у рэстарацыі не проста так, напіцца… І бармэн — той, хто ім дапамагае адпачыць ”.

Дзякуючы актыўнасці сяброў Асацыяцыі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх бармэнаў істотна падвысіўся.

Нават вучэбныя праграмы кулінарных ПТВ былі змененыя — студэнтаў вучаць гатаваць тыя кактэйлі, якія карыстаюцца попытам у наведнікаў бараў. Працягвае Аляксей Міхальчык:

“Нашмат больш прыемна прыходзіць у начныя клубы і адпачываць у атмасферы драйва, калі ёсць рух.

Калі бармэны не стаяць с сумнымі тварамі, яны крычаць, кідаюць бутэлькі. Людзям гэта падабаецца… Утвараецца такое бармэн-шоу, у якім ёсць і кактэёлі, і феерверкі, і брызгі шампанскага…”

Акрамя ўласна Асацыяцыі, у Мінску існуе яшчэ некалькі прафесійных аб’яднанняў бармэнаў. З большага, іх усе можна назваць трэйнінг-цэнтрамі.

У адным з іх — “Прафесійнам клубе бармэнаў” — мне патлумачылі, што афіцыянта-бармэна могуць зрабіць з кожнага. Было б жаданне, час… і 240 тысячаў беларускіх рублёў.

Клуб бармэнаў: “У нас спецыяльнасць афіцыянт-бармэн, курсы каштуюць 240 тысячаў, гэта за два месяцы.

Карс досыць аб’ёмны: тэарыя грамадскага харчавання, псіхалогія абслугоўвання спажыўцоў… Іспыты ў нас – кампутарнае тэставанне па заканчэнні курсаў, на ўступе – без абмежаванняў”.

Праўда, Аляксей Міхальчык упэўнены, што далёка не кожны, хто скончыць курсы бармэнаў, здольны працаваць у гэтай прафесіі.

Аляксей Міхальчык: “Навучыць можна любога, але не факт, што гэты бармэн будзе асобай! Чалавек, які стаіць за стойкай — не заўсёды бармэн.

Той, хто ведае, як стасункавацца з людзьмі, хто ведае, пра што гаварыць, як чалавека выслухаць, не забываючыся пры гэтым на пачуццё адказнасці за сваю працу, той і дамагаецца вялікіх поспехаў”.

Калісьці мне давялося пачуць ад знаёмага кандытара, што ён не любіць ні пірожныя, ні торты, а да салодкага ставіцца з прафесійным спакоем.

Прыкладна ў такіх жа стасунках стрыманага сяброўства знаходзяцца бармэны і алкаголь. Затое для нас, простых людзей, Міжнародны дзень бармэна — гэта бадай што адзіная нагода, з якой проста нельга піць, не змешваючы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі