"Мне стала прасцей і лягчэй": салігарчанка распавядае пра жыццё ў стачцы

Маргарыта Осіпава / "Лидер-Пресс"
Маргарыта Осіпава / "Лидер-Пресс"

24 лістапада машыніст "Беларуськалія" Маргарыта Осіпава далучылася да агульнанацыянальнай стачкі. Дзяўчыне было што губляць: любімая праца, нядрэнны заробак, сацыяльная абарона. Але яна кажа, што інакш паступіць не магла.

— Я супраць таго, каб пакутавалі нашы блізкія, а асабліва — старыя і дзеці. Таму мой выбар — далучыцца да агульнанацыянальнай стачкі, каб не ўтрымліваць злачынны рэжым, — заявіла тады яна.

Да прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Маргарыта не цікавілася палітыкай. На выбарах працавала назіральніцай і сутыкнулася з ціскам. Яе прасілі пакінуць участак, забіралі ў РАУС. Але пасля выхаду ў стачку ўлады як быццам бы забыліся пра яе.

Сёння Маргарыта Осіпава сумуе па працы. Але пра тое, што прыняла рашэнне сысці, не шкадуе.

— Перад тым як сысці ў стачку, усё прадумала да дробязяў і прыняла свядомае няпростае рашэнне: па-іншаму паступіць не магла. Гэта быў адзіны варыянт развіцця падзей, тым больш што не я першая і не я апошняя. Мне стала прасцей і лягчэй, таму што бачу, што не адна так думаю і што разам мы сіла.

У побыце, вядома, прызвычайваюся жыць на больш сціплыя сродкі і спадзяюся, што гэта ўсё надоўга не зацягнецца. Для мяне за два месяцы выпрацавалася пэўная аснова, што мы сваім пратэстам здолеем пераламаць сітуацыю. З'явілася ўсведамленне, што я проста не змагу прыцерціся, вярнуцца назад, як у показцы пра беларуса і цвікі. Цяпер трэба думаць аб далейшых планах без "Беларуськалія". У мяне ёсць навыкі, ёсць творчыя здольнасці. Напрыклад, у вольны час пішу карціны.

Маргарыта да гэтага часу не атрымала дакументаў аб звальненні — але мяркуе, што яе ўсё ж звольнілі. Што вядома дакладна — дзяўчыну знялі з чаргі на жыллё ад "Беларуськалія".

Нядаўна кіраўніцтва завода абвясціла, што гатовае вярнуць на працу тых, хто ўступіў у стачку. Але Осіпава глядзіць на гэтую магчымасць скептычна.

— Мне здаецца, што гэта ў большай ступені фарс. Не хочацца каментаваць падрабязна, але я не веру, што гэта рэальныя дзеянні, — цытуе яе "Лидер-Пресс".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі