Muse і RHCP чакаюць рэканструкцыю “Дынама”, каб выступіць у Мінску
Арганізатары канцэртаў распавядаюць пра хуткае падаражанне беларускіх канцэртаў, адкрываюць таямніцу “чорных спісаў”, анансуюць адкрыццё клуба на 4000 чалавек.
На наступную раніцу пасля гучнага святкавання 20-годдзя гурта “Палац”, у студыю Еўрарадыё завіталі тры арганізатары канцэртаў, якія працавалі і працуюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: Віталь Супрановіч, Антон Сасноўскі ды Алег Ціханаў. Пакуль гатавалася кава з гарбатай ды сохлі свежапамытыя валасы Ціханава, хлопцы абмяркоўвалі будучыя канцэрты і шуміху вакол коштаў на топавых артыстаў. Таму і першым пытаннем было: Адкуль усё ж такія высокія кошты на Depeche Mode?
Антон Сасноўскі: У дачыненні да Depeche Mode палітыка коштаўтварэння аб’ектыўная. Depeche Mode — адзін з самых дарагіх сусветных гуртоў, якія выступаюць пад маркай “sold out”. Калі мы паглядзім на сайце “Дэпешаў” на папярэдні тур, ці будучы, то амаль на ўсе канцэрты за два месяцы ўжо не застаецца квіткоў, асабліва гэта тычыцца еўрапейскіх гарадоў. Што ж тычыцца квітка, то ў Беларусі яго кошт складаецца са шматлікіх фактараў. Перш за ўсё — гэта падаткі, якія арганізатар вымушаны ўключаць у кошт квітка, гэта “тыкет сэйлеры”, якія бяруць камісію за прададзеныя квіткі, і гэта арэнда, ганарар, райдары і ўсё астатняе, звязанае з артыстам, то бок, прадакшн. У Беларусі таксама ў кошт квіткоў на замежных артыстаў перш за ўсё ўключаюць валютныя рызыкі. А яшчэ кошт квітка залежыць ад памераў пляцоўкі! Як дакладна патлумачыла “Корпорация развлечений”, у Беларусі Depeche Mode выступаюць на адной з самых маленькіх пляцовак тура.
Еўрарадыё: Але з іншага боку, вы прывозілі KoRn і кошты, у прынцыпе, былі такія ж, як і ў Заходняй Еўропе…
Антон Сасноўскі: Гэтае параўнанне не зусім карэктнае, бо гурты розных вагавых катэгорый, плюс — тады такога паняцця, як валютныя рызыкі, не існавала. А валютныя рызыкі даходзяць да 20% ад кошту квітка, і гэта вельмі важна. Тут важна разумець, што арганізатар, які прывозіць такога артыста, не толькі дастаўляе асалоду беларусам, але ён таксама робіць рэпутацыю Беларусі, як еўрапейскай краіне. Бо развіццё канцэртнага шоў-бізу ды прыезд такіх артыстаў кажа пра тое, што канцэртная культура краіны на высокім узроўні. Для прыкладу, мы можам паглядзець на Кішынёў ці Тбілісі, куды ніхто ніколі не прыязджае і яшчэ гадоў 20-25 не прыедзе…
Віталь Супрановіч: Тут яшчэ варта адзначыць, што пляцоўка (Палац Спорту) адпавядала ўзроўню гурта KoRn, а самая вялікая нашая пляцоўка Мінк-Арэна не адпавядае ўзроўню Depeche Mode. Таму і быў кошт на KoRn дастаткова адэкватным.
Еўрарадыё: Давайце тады разбярэмся, чаму абавязкова Мінск-Арэна. Depeche Mode едуць летам, чаму б не зрабіць open-air?
Антон Сасноўскі: Тут таксама ўсё проста тлумачыцца. Думаю, каб была магчымасць за кароткі тэрмін падрыхтаваць усе неабходныя дамовы па продажы піва, арганізацыі кропак харчавання, усё неабходнае па прадакшне і зацвердзіць гэта ў гурта, то магчыма было б зрабіць і open-air. Але я думаю, што тэрміны былі сціснутыя, а ёсць Мінск-Арэна, дзе выступалі Джэніфер Лопес, Шакіра, Rammstein, якія паспрабавалі гэтую пляцоўку і кажуць, што яна адпавядае сусветнаму ўзроўню па ўсіх аспектах, то чаму б і не яе?! Калі б стадыён “Дынама” не быў на рэканструкцыі, то, думаю, гэтую пляцоўку Depeche Mode разглядаў бы. Бо ёсць пэўная інсайдарская інфармацыя, што Muse у Беларусі жадаюць выступаць менавіта на стадыёне, што памеры “Мінск-Арэны” іх не тое каб не задавольвалі, але ім бы хацелася больш, каб было як у Маскве, Кіеве, Лондане і г.д. Я думаю, што ў 2014-м годзе, як толькі мы атрымаем абяцаны новы стадыён “Дынама”, які будзе адпавядаць катэгорыі 4+, то мы ўбачым і Red Hot Chili Peppers, і ўсіх іншых зорак, якія прынцыпова патрабуюць стадыён.
Еўрарадыё: Працягваю пра кошты: пагадзіцеся, беларусы не так шмат зарабляюць, каб выкладаць па 200 баксаў за канцэрт, ці мы мусім назапашваць грошы ўвесь год і потым забыўшыся пра адпачынкі аддаць іх на ўлюбёныя гурты?
Антон Сасноўскі: Зноў жа, такія канцэрты, як RHCP не анансуюцца за месяц ці два. Гэта гурты, якія самі разумеюць, што яны дарагія артысты, прычым, без выключэнняў для бяднейшых краін, таму тур анансуецца за год. Натуральна, калі ты хочаш пайсці, то 2 мільёны ты ўжо неяк назбіраеш…
Уладам варта перастаць так баяцца канцэртаў на адкрытым паветры.
Еўрарадыё: Вось, вы казалі пра канцэртную культуру, а ці ёсць яна ўвогуле? Давайце можа параўнаем з суседзямі.
Алег Ціханаў: У Беларусі вельмі складана раскачаць людзей, каб яны пачалі ў клубы хадзіць, на канцэрты. На мой погляд, іх трэба да гэтага прывучаць. Напрыклад, пяць гадоў таму ў Віцебску ніхто не хадзіў на канцэрты. Але потым я, Віталь Броўка і яшчэ некалькі чалавек вырашылі паспрабаваць развіваць тую самую музычную культуру. І мы пачалі рабіць мерапрыемствы пастаянна. Не так, як раней, раз на месяц, а было ўсё роўна, уляцім ці не, мы вырашылі ў кожным выпадку рабіць канцэрты раз-два на тыдзень. І прыкладна праз паўгода ўсё пачало працаваць. То бок, людзі прызвычаіліся, скажам, прызвычаіліся выдаткоўваць грошы на забавы.
Антон Сасноўскі: Безумоўна, у Беларусі ёсць музычная культура. Яна з кожным годам развіваецца, фармуецца, і столі яшчэ не бачна. Мы можам узгадаць, як мы хадзілі на канцэрты ў дзяцінстве: раз на месяц у якіх-небудзь “Чатырох апельсінах” сто чалавек прысутных падаваліся такім неверагодным аншлагам! А што мы цяпер бачым у Мінску? Што не хапае рэкламных месцаў! Прычым, абсалютна любыя мерапрыемствы, электронныя, рокавыя, у “Графіці”, у “Мінск-Арэне”… Музычная культура сфармавалася, чалавек разумее, што трэба набыць квіток, каб атрымаць асалоду, і трэба ўжо ўмець выбіраць! То бок, у свой час мы хадзілі на канцэрты паводле прынцыпу “што ёсць”, нам усё падавалася цікавым, бо не было з чаго выбіраць. А цяпер мерапрыемстваў столькі, што можна: ай, не пайду я на Lumen, пайду на Nickelback, ці не пайду на Papa Roach, а пайду на “Аддис Абеба”. Зноў жа, і ў рэгіёнах з’яўляюцца гурты, якія спачатку атрымліваюць лакальную падтрымку сваёй аўдыторыі, пераязджаюць у сталіцу і ездзяць у туры па Расіі ды Украіне. Прыклад з нашымі рэгі-гуртамі “Аддис Абеба” ды Botanic Project з Гомеля ды Маладзечна, у якіх канкурэнтаў няма нават у Расіі. А са з’яўленнем новых канцэртных пляцовак мы яшчэ пойдзем наперад. А пляцовак рэальна не хапае.
Еўрарадыё: Калі мы з табой хадзілі на канцэрты, не абіраючы, то іх арганізоўваў Віталь!) А ты што можаш дадаць, што змянілася з тых часоў?
Віталь Супрановіч: Раней на канцэртах, якія адбываліся ў невялікіх клубах, вельмі часта ўзнікалі праблемы, то нехта паб’ецца, то нап’ецца піва ды яшчэ чаго-небудзь… А цяпер ужо такіх здарэнняў зусім мала. Гэта таксама паказчык! Бо людзі цяпер разумеюць, што, калі выступае гурт пэўнага накірунку, то не абавязкова збірацца ўсёй Чыжоўкай і ісці высвятляць, чаму яны слухаюць гэтую музыку. То бок, сярод публікі з’явілася разуменне таго, што ёсць розныя людзі і кожны вольны слухаць, што пажадае. Па наведвальнасці… ну, Мінск-Арэна збірае людзей, гэта ўжо добра. Але паводле статыстыкі, беларусы пакуль выдаткоўваюць на забавы хіба толькі пару адсоткаў з прыбыткаў, але гэта сярэдні паказчык па краіне. І тут мне падаецца, што ўжо ўладам варта перастаць так баяцца канцэртаў на адкрытым паветры. Каб не было праблем на такіх канцэртах, іх варта праводзіць, каб людзі вучыліся сябе там паводзіць. Каб быў культурны рост, трэба, каб былі мерапрыемствы.
Каб адкрыць такі клубы, як Re:Public ды "Графіці" трэба быць вар'ятам.
Еўрарадыё: Вось вы кажаце, што не хапае клубаў, але яны ж увесь час адкрываюцца! Праўда, усе яны дастаткова “мажорныя”, кшталту Dozari, TNT, ці нейкія вялікія дыскатэчныя клубы…
Антон Сасноўскі: Каб культура фармавалася, трэба каб і такія клубы існавалі. Каб адбывалася дакладная дыферэнцыяцыя людзей. Зноў жа, пра бойкі ля клубаў: памятаю праводзілі канцэрт “Тараканы” ў сталоўцы, у клубе “Ритм”, і туды арганізавана прыйшлі людзі з Курасоўшчыны, каб выламаць дзверы, паламаць чарапы людзям, якія занялі пятніцу і сапсавалі іх вольны час. Таму я лічу, што каб не было канфліктаў, сутычак поглядаў, такія клубы таксама мусяць існаваць. Dozari — выдатная пляцоўка для “Насти и Потапа”, для гурта “Ленинград”, Евы Польной… TNT — выдатная пляцоўка для кавер-бэндаў, куды будуць прыходзіць мужчыны гадоў 50-ці, а гэта самыя крэдытаздольныя людзі, піць чэшскае піва і атрымліваць асалоду ад Kiss, Led Zeppelin і г.д. Я не бачу ў гэтым нічога дрэннага, але чаго не хапае Мінску, дык гэта пляцоўкі, якая б замяніла “Палац Спорту”, тысячы на чатыры і з выдатным прадакшнам. Такое ёсць у Маскве, Піцеры, Кіеве, але ў нас — няма. Але зноў жа, паводле некаторых звестак, такая пляцоўка хутка мусіць з’явіцца і мы гэтаму будзем толькі рады. А “Палац спорту” пры сваім выдатным прадакшне, пры прапускных магчымасцях, бо чатыры тысячы яны вельмі хутка запускаюць, але гэта ўсё ж і безліч міліцыі, гэта розныя ўзгадненні, адсутнасць алкаголю. Гэта ўсё ж не поўны спектр паслуг! Таму, калі з’явіцца вось такая пляцоўка, мы зможам сказаць, што наша канцэртная культура зрабіла яшчэ адзін крок наперад.
Еўрарадыё: Але пытанне было, чаму адкрываюцца, так бы мовіць, дарагія клубы, а не адкрываюцца больш танныя, кшталту таго ж “Графіці” ці Re:Public?
Віталь Супрановіч: Людзі, якія гэтыя клубы адкрываюць, ім прасцей разлічваць на больш заможную публіку. Яны робяць стаўку на кухню, на тое, што да іх прыйдуць людзі і пакінуць грошы, гэта для іх, можна сказаць, менш рызыкоўна. А той жа Re:Public — больш такі студэнцкі, моладзевы клуб.
Еўрарадыё: То бок адкрываць Re:Public — гэта немэтазгодна, так?
Антон Сасноўскі: У параўнанні з Dozari — безумоўна!
Еўрарадыё: Дык трэба быць такім вар’ятам, каб адкрыць у Беларусі вялікі клуб, але з недарагім меню?
Антон Сасноўскі: Так! Гэта больш падобна на авантуру... такія клубы, як Re:Public робяць стаўку перш за ўсё на колькасць мерапрыемстваў.
Еўрарадыё: Добра! А ў Віцебску ёсць велічэзны клуб на пяць тысяч чалавек, чаму б у ім не рабіць канцэрты? Беларусь жа не такая вялікая, раз на тыдзень-два можна і ў Віцебск зганяць.
Алег Ціханаў: Зноў вяртаемся да тэмы нестыкоўкі публікі. Усё ж клуб “Энергия” — гэта вялізная гапатэка, што там не рабі. Там быў “Ляпис Трубецкой”, ён сабраў тысячу і, я перакананы, што туды шмат хто з аматараў “Ляпісаў” не пайшоў, бо ведалі пра дрэнны гук, дрэнны прадакшн, дарагую кухню, ды і цягнуцца кудысьці на ўскраіну ў гапатэку…
Еўрарадыё: Але па вашых словах, калі рэгулярна рабіць там канцэрты, то з цягам часу ўсё можа змяніцца…
Алег Ціханаў: Там, перш за ўсё, пытанне з прадакшнам. Кіраўніцтва клуба дагэтуль не лічыць патрэбным набыць стацыянарны гук, каб ён там працаваў. Чалавек стварыў гэтае месца для таго, каб зарабляць грошы і ўсё! Там унутры некалькі рэстаранаў, усё ў жалезе, таннае піва, напэўна, самая даўгая барная стойка, якую я бачыў… Усё зроблена, каб зарабляць бабло, а якое, прабачце, бабло ў людзей, якія ходзяць на “Ляпісаў”!? Безумоўна, у нас ёсць грошы, але нас не столькі, колькі можа прыйсці на звычайную гапатэку.
Антон Сасноўскі: Рэінкарнацыя дыскатэчнага клуба ў канцэртны магчымая, і тут яскравы прыклад — “Рэактар”. Я, Віталь ды іншыя арганізатары ператварылі гэты клуб у канцэртны, там з’явіўся стацыянарны гук, людзі яго ўспрымалі выключна як канцэртны! І раней уявіць стадыённы гурт “Сплин” ці “Алиса” ў “Рэактары” было немагчыма, але мы дасягнулі гэтага. Натуральна, шкада, што ён закрыўся, незразумела, што з ім адбываецца цяпер, і ці будзе нешта. Гэта глупства, бо ў Мінска аднялі кавалак культуры… у кожнай сталіцы ёсць такі клуб, са сваёй гісторыяй… у Маскве гэта “Точка”, якая неаднаразова пераязджала з месца на месца… А ў нас зноў прыйшлі людзі, якія ўбачылі, што поўныя залы, і вырашылі, што зараз зменяць крыху інтэр’ер, і поўныя залы будуць і ў іх! А нічога не будзе! Бо калі чалавек без разумення справы ўлазіць, то… мы ж не ідзем раіць архітэктарам, як пабудаваць той ці іншы будынак, бо мы ў гэтым не разбіраемся, мы не ведаем нюансаў. Тое ж і з “Рэактарам”, чалавек улез, і цяпер там усё замарожана!
Еўрарадыё: Але тыя, хто калісьці рабіў канцэртным “Рэактар”, цяпер займаюцца Re:Public, і нешта такога ж стаўлення да яго, як да “Рэактара”, не заўважна.
Антон Сасноўскі: Гэта тое ж самае, што мы пераязджаем з кватэры, да якой мы прызвычаіліся, у іншую. І нам падаецца, што ў старой кватэры было неяк больш утульна, і святло ярчэй гарэла і сябры часцей заходзілі… Патрэбны час. Думаю, Re:Public развіваецца ў правільным накірунку. І ў іх жа яшчэ пытанне фінансаў. Можна было б і прыбіральні адразу замяніць і ўсё астатняе зрабіць… Але тут жа людзі прыйшлі ў клуб не толькі, каб грошы зарабіць, безумоўна, і гэта таксама, мы ж не альтруісты, але перш за ўсё — менавіта каб працягваць развіваць у Мінску канцэртную культуру, бо яны самі любяць музыку.
Калі забараняць, то ўжо ўсіх ад Вольскага да Дарафеевай.
Еўрарадыё: А чаму да нас не едуць расійскія ці ўкраінскія арганізатары?
Антон Сасноўскі: Усё вельмі проста! Расійскія арганізатары, якія валодаюць неверагоднымі сумамі, і маюць падтрымку алігархаў, ужо даўно нацэленыя Беларусь. У Кіеве частковае заваяванне маскоўскімі прамоўтарамі ўжо адбылося, гэта канцэртная агенцтва “Мельница”. У Мінску яны таксама прыглядаюцца, але тут яны не ўмеюць працаваць. Яны прызвычаіліся працаваць па-іншаму, галоўныя параметры працы ў Кіеве і Маскве — адсутнасць законаў. Яны не ведаюць, што такое безнаяўны разлік, тыкетсэлеры пераводзяць грошы безнаяўна — ім гэта невядома, безнаяўная аплата афіш ды цэнтралізаваная іх расклейка — таксама незразумела. А калі яны бачаць падаткі, якія ім давядзецца заплаціць, у іх проста знікае цікавасць. У Расіі яны таксама плацяць падаткі, асабліва буйныя кампаніі, але ў іх канцэртная дзейнасць падпадае пад ільготную камерцыйную дзейнасць, яны плацяць ільготныя падаткі, меншыя, чым у Беларусі. І Уладзімір Шаблінскі (канцэртны арганізатар, уладальнік хутара “Шаблі” — заўв. Еўрарадыё) неаднаразова казаў, што мы паступова да гэтага таксама ідзем. Напрыклад, у нас былі гастрольныя пасведчанні (ліцэнзія на правядзенне канцэрта — заўв. Еўрарадыё), але цяпер іх прыбралі.
Еўрарадыё: Ну, адмянілі іх, і што, стала прасцей?
Антон Сасноўскі: Час на запуск канцэрта цяпер вельмі значна эканоміцца.
Еўрарадыё: Але ж мы ўсё роўна мусім падаваць нейкія паперкі?
Антон Сасноўскі: Там захаваўся прынцып выключна апавяшчэння. А раней жа была яшчэ і вялікая дзяржпошліна. Калі арганізуеш буйное мерапрыемства, напрыклад, у “Мінск-Арэне”, то раней была б вельмі вялікая дзяржпошліна, якая таксама пайшла б у квіткі. Цяпер яе адмянілі, і стала лягчэй, лепш гэтыя грошы аддаць на рэкламу, на камфорт артыста, на прадакшн… Магу дадаць, што калі сюды прыйдуць маскоўскія арганізатары, то сённяшні квіток на Depeche Mode нам будзе падавацца вельмі танным.
Еўрарадыё: Але, нягледзячы на тое, што цяпер трэба выключна апавясціць адказных чыноўнікаў аб правядзенні канцэрта, мы працягваем сутыкацца з забаронамі, чаму? Як гэта фізічна можа адбывацца тады?
Антон Сасноўскі: Адмена канцэртаў — гэта сапраўды нейкая лухта, анахранізмы большасці людзей, якія не жадаюць пра гэта казаць услых і, напэўна, ніколі ў гэтым не прызнаюцца. Змагацца з гэтым вельмі складана. Сапраўды, канцэрты забараняюцца, прычым, самым подлым чынам: па пажарных прычынах, па яшчэ якіх-небудзь, футбол заўтра будзе, хакей, баскетбол і г.д. Гэта глупства, створанае пачуццём боязі, падхалімства, спробы выслужыцца, якое сапраўды тармазіць развіццё беларускага прадукту. Каб трапіць на еўрапейскі рынак ці, як большасць цяпер арыентуецца, на маскоўскі, трэба спачатку набіць гузы ў Мінску, Гомелі, Віцебску і гэтак далей. Гэта вялізная праблема! І ад безвыходнасці таму ж Вольскаму даводзіцца выступаць па Польшчы, а не радаваць беларусаў двума днямі выступаў запар у Re:Public. Гэта сапраўды глупства, і я не ведаю, як з ім змагацца.
Алег Ціханаў: Канцэрт не тое, каб забараняюць! Проста прыходзяць пажарныя і кажуць, што будынак непрыдатны для эксплуатацыі.
Антон Сасноўскі: Напрыклад, тая вядомая гісторыя з “Ляпісамі”. Яны паўсюль дэкларавалі, што ў “Рэактар” прададзена 2000 квіткоў. Але “Рэктар” па сваёй праектнай умяшчальнасці здольны прыняць каля 600 чалавек. Дырэкцыі клуба тэлефануюць і кажуць: Мы не супраць, праводзьце канцэрт, але пасля клуб будзе закрыты адпаведным прадпісаннем, праверкі будуць і г.д.
Еўрарадыё: Ну, добра! А што з гэтым рабіць, не сядзець жа не чакаць пакуль зменяцца чыноўнікі і перастануць баяцца невядома чаго, выслужвацца, падхалімнічаць?
Антон Сасноўскі: У Беларусі так ужо склалася, што, ці ты прымаеш правілы гульні і спрабуеш у межах гэтых правілаў нешта рабіць і несці светлае, ці ты не прымаеш правілы гульні і эмігруеш! Я для сябе не знайшоў іншага выйсця, можа, у хлопцаў ёсць ідэі.
Віталь Супрановіч: Самае галоўнае, што мы не ведаем, на якім узроўні гэтыя забароны адбываюцца. Мне хочацца верыць, што гэта боязь ды падхалімства самых нізкіх чыноўніцкіх шэрагаў, што забароны ідуць не ад самага верху. Можа, гэта мусіць паступова змяняцца. Трэба, каб улады зразумелі, што ёсць грамадзяне гэтай краіны і яны розныя, нехта слухае адну музыку, нехта іншую, нехта “за”, а нехта “супраць”. Але, на жаль, пакуль іншадумства не ўспрымаецца натуральна. Але што дрэннага ў тым, што музыкі займаюцца палітыкай? Дзяржаўныя выканаўцы таксама ёй займаюцца, і калі забараняць, то ўжо ўсіх ад Вольскага да Дарафеевай. Чаго тут баяцца, ніякай жа рэвалюцыі, пагромаў і мітынгаў на канцэрце не адбудзецца, проста ўсё будзе больш шчыра і натуральна. Трэба, каб улады на нейкім там узроўні нарэшце зразумелі, што ёсць розныя людзі, якія думаюць па-рознаму.
Еўрарадыё: Дык, можа, трэба схадзіць да вышэйшых чыноўнікаў ды распавесці, што адбываецца ўнізе?
Антон Сасноўскі: Ужо такое было, і прывяло гэта да невялічкай адлігі, але не надоўга.
Еўрарадыё: Але тады існаванне “спісаў” было прызнана ўладамі, таму і дыялог мог адбыцца, а цяпер іх існаванне не прызнаецца…
Антон Сасноўскі: Вось менавіта таму, што гэта ідзе, хутчэй за ўсё, ад чыноўнікаў нізкага ўзроўню, пытанне амаль невырашальнае. Калі б гэта ішло зверху, то можна б было спрабаваць нешта рабіць. А цяпер жа ніхто не ведае, хто фармаваў гэты спіс, там жа такое глупства напісана! Вы чыталі!? Напрыклад, Зміцер “Сід” Спірын ідзе, як спявак, а побач стаіць і яго гурт “Тараканы”, то бок заслужыў асобны радок для сябе (усміхаецца), ці, можа, нехта так упадабаў яго вакальныя здольнасці, што вынес яго ў катэгорыю сольных спевакоў! Гэта глупства! Прычым, памылка ў тым, што некаторыя незалежныя СМІ ствараюць на гэтым кантэнт, чым, фактычна, педаліруюць гэтую тэму, нагадваюць пра яе ўладам. А гэта горш за ўсё, бо, перакананы, што палова заяўленых канцэртаў адбывалася б! Хіба, апроч мастадонтаў кшталту “Ляпісаў” ды N.R.M., але “Палац”, Neuro Dubel, “Крама”, цалкам верагодна, гралі б канцэрты, каб мы не педаліравалі гэтую тэму.
Алег Ціханаў: Так! Яе проста не трэба ўздымаць! Не трэба пісаць анонс канцэрта і задаваць пытанне: забароняць ці не! Мы ж самі ліем алей ў вогнішча.
Антон Сасноўскі: Насамрэч, чаму б тыя ж незалежныя СМІ сапраўды не паспрыялі данясенню на самы верх інфармацыі пра тое, што гэтыя гурты запатрабаваныя не толькі ў нас, але і на Захадзе, яны сапраўды ўслаўляюць імя Беларусі, уздымаюць яе рэпутацыю. Музыка ж, як футбол, яна мае велічэзны ўплыў на рэпутацыю краіны. Выйгрыш зборнай Беларусі па футболе нашмат больш уплывае на рэйтынг краіне, чым нейкія ўнутраныя пастановы, ці санкцыі Еўрасаюза. Пра гэта ведаюць 2-3 адсоткі зацікаўленых, а футбол і музыка — гэта рэлігія! І поўныя залы ў Кіеве ды Маскве “Ляписа Трубецкого” — гэта перш за ўсё рэйтынг краіны, людзі даведваюцца пра нас праз музыкаў. Потым людзі сюды едуць, жадаюць паглядзець — гэта ж відавочная выгада для краіны. Таму, магчыма, трэба пра гэта казаць на самым высокім узроўні. Адмена гэтых забарон дала б новы віток у развіцці канцэртнай культуры, бо здаровая канкурэнцыя паміж беларускімі, расійскімі, заходнімі артыстамі дала б свой вынік. Нават тое, што нашы музыкі наведваюць канцэрты калег — ужо плюс, бо яны бачаць у якім накірунку трэба рухацца, бо святло ды прадакшн, гэта вельмі важны элемент шоў. Мы ўжо сутыкаемся з праблемай, што звычайнага канцэрта ды піва ў бары чалавеку мала. Трэба здзіўляць, а для гэтага трэба развівацца, у тым ліку, і на канцэртах калег.
Квіткі на беларускіх музыкаў паступова будуць каштаваць не меньш чым на расійскіх зорак
Віталь Супрановіч: А яшчэ трэба вучыцца нармальна ставіцца да сваіх музыкаў. Бо пытанне кошту квіткоў тычыцца не толькі заходніх гуртоў, але і нашых. Беларусы нармальна ўспрымаюць некалькі соцень долараў за замежны гурт, але 5-10$ за беларускі калектыў — ужо шмат. Маўляў, ён жа жыве ў суседнім пад’ездзе, чаму я мушу плаціць за яго выступ? А потым яны здзіўляюцца, што на “Сплин” было класнае святло і гук, а на “Краме” ўсё пішчала, перагарэлі лямпачкі і г.д. Дык таму яно і пішчала, бо за “Сплин” вы заплацілі 200 баксаў, а за “Краму” — тры! Трэба, каб мы пачалі любіць і паважаць свае гурты, а не, так бы мовіць, рабаваць іх.
Еўрарадыё: Што значыць “трэба!”? Неяк жа так склалася, што не любяць, не паважаюць, можа гэта заслужана?
Антон Сасноўскі: Ну, вось неяк не прывучылі за столькі год любіць сваё…
Алег Ціханаў: Чаму не прывучылі, “Ляпісаў” жа ўсе любяць!
Антон Сасноўскі: “Серебряную свадьбу” ўсе любяць! Але, насамрэч, Віталь вельмі сур’ёзную тэму ўзняў, якую мы чамусьці ўпусцілі. У нас чамусьці ёсць такое разуменне, што ўсё беларускае — нізкай якасці, і я за гэта ці мала плачу, ці не хачу. Гэта дзіўна! Таму мы з Віталем вырашылі, што трэба прывучваць людзей да таго, што за кожны прадукт трэба плаціць. Гэта ж сапраўды адбіваецца на якасці, якую мы бачым. Канцэрт “Без Билета” у Jack Club — адно, а ўжо ў Палацы Спорту мы ўбачым зусім іншую карцінку. Таму я лічу, што мы мусім разам з беларускімі музыкамі паступова ўздымаць кошты. Натуральна, не за адзін раз, нібыта выразаем апендыкс, не! У Маскве ж квіткі на “Сплин” не каштуюць танней чым на Depeche Mode. У галовах музыкаў рэвалюцыя ўжо адбылася. Чаму, калі я хачу сабе такі ж прадакшн, як і ў іншых, калі я бачу поўныя залы, то чаму я зарабляю ў 100 разоў менш? У Расіі гэтая рэвалюцыя адбылася, таму і мы мусім нешта рабіць, паступова падводзіць кошты хоць бы да ўзроўню маскоўскіх зорак. Калі “Без Билета” збірае не менш за “Сплин”, чаму тады кошт квіткоў у 10 разоў меншы?
Еўрарадыё: Не баіцеся, што калі ўздымуцца кошты на беларускія гурты, то людзі перастануць на іх хадзіць?
Антон Сасноўскі: Не! Ці чалавек насамрэч не любіць іх творчасць! Значыць, ён ходзіць туды проста патусавацца, значыць ён звычайны жлоб, бо ўся яго любоў да беларускай культуры — проста напускная! А калі ёсць любоў, то яна будзе праяўляцца і ў доларавым эквіваленце. Мы ж, напрыклад, на выбары не ходзім таму, што нам не падабаецца і брыдка, а чаму на артыста тады ідзем. А тут усё складаней, бо чалавек робіць выбар і галасуе рублём! Таму, каб развіваць свой прадукт, каб музыкі гралі на добрых інструментах, каб выкарыстоўвалі добры заднік, безумоўна, трэба ўздымаць кошты на квіткі.
Алег Ціханаў: Дзякуючы ганарарам, будзе расці і ўзровень запісу! Усё ж будзе паляпшацца, і любоў да беларускіх музыкаў стане яшчэ большай і не толькі ў нашай краіне. Артыст эвалюцыянуе прапарцыянальна з коштам квітка.
Антон Сасноўскі: Натуральна, гаворкі не вядзецца пра тое, што кошты ўздымуцца, а прадукт не зменіцца. Безумоўна, трэба пачынаць рабіць шоў! Віталь правільна сказаў, што людзі цяпер абмяркоўваюць святло на “Би-2” і яго адсутнасць на “Краме”. Але ж гэта не таму, што “Крама” горш, не! Яна, можа, нават і больш таленавітая, але каб гэта ўбачылі, заўважылі, музыкам трэба аддаць грошы, але спачатку іх трэба зарабіць. Трэба прывучаць людзей да гэтага! Ты ж плаціш грошы за прадукт, які табе падабаецца, які дастаўляе табе асалоду!
Алег Ціханаў: Але гэта ўжо тэма для іншай размовы!