МЗС Беларусі — пра ацэнку АБСЕ і ЕС вынікаў выбараў: Азнаёміліся

МЗС Беларусі — пра ацэнку АБСЕ і ЕС вынікаў выбараў: Азнаёміліся

У МЗС Беларусі пракаментавалі ацэнку вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў з боку АБСЕ і ЕС. Як вядома, у парламенце не будзе апазіцыянераў (у папярэднім іх было 2). АБСЕ не прызнала беларускія выбары адпаведнымі міжнародным стандартам, а знешнепалітычная служба Еўрасаюза заявіла, што Беларусь упусціла магчымасць правесці выбары па міжнародных стандартах.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз паведаміў, што ў МЗС азнаёміліся са згаданымі ацэнкамі. У каментары адзначаецца, што "не існуе ідэальных выбарчых сістэм і пры жаданні можна знайсці заганы ў любым выбарчым працэсе ў любой краіне на прасторы АБСЕ". Беларусь на выбары запрасіла "рэкордную колькасць міжнародных назіральнікаў". У МЗС звяртаюць увагу на той факт, што многія з іх (у прыватнасці, місіі СНД і ШАС) далі пазітыўныя ацэнкі. А вось місіі АБСЕ, як і раней, "не ўдалося цалкам адысці ад палітызаваных ацэнак і высноў". У знешнепалітычным ведамстве гэтую сітуацыю назвалі асабістай ангажаванасцю і суб'ектыўным падыходам міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ (згадваюцца іх "абразлівыя артыкулы", якія з'явіліся яшчэ да прыезду ў нашу краіну).

У Мінску гатовыя да канструктыўнай крытыкі з боку заходніх партнёраў, але не прымаюць "беспадстаўнае і татальнае шальмаванне". У МЗС заяўляюць, што выбарчае заканадаўства і выбарчыя працэдуры "калі і будуць удасканальвацца, то не па нечай ўказцы, а па запытах нашага грамадства і эвалюцыйным шляхам". У каментары падкрэсліваецца, што выбары ў Беларусі праводзяцца не для нейкіх знешніх сіл, а "для сваёй краіны і народа".

Пры гэтым афіцыйны Мінск гатовы да "далейшага развіцця канструктыўнага ўзаемадзеяння" з усімі міжнароднымі партнёрамі. Паколькі рухацца наперад дазваляюць "не ціск, шантаж і санкцыі", а "толькі дыялог і супрацоўніцтва", мяркуюць у МЗС Беларусі.

Пракаментавала ацэнку АБСЕ беларускіх выбараў і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна лічыць справаздачу гэтых міжнародных назіральнікаў "палітычнай заявай", у ёй яна не знайшла доказаў фальсіфікацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі