На адну арэндную кватэру ў Мінску паступае 300-400 заяў
У 2016 годзе ў Мінску цалкам спынена будаўніцтва арэнднага жылля дзяржаўнага фонду. Прычына ў адсутнасці бюджэтнага фінансавання. Еўрарадыё даведалася, наколькі карыстаецца попытам такое жыллё ў мінчукоў.
“У Мінску на ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, стаіць каля 217,5 тысяч сем’яў. На адну арэндную кватэру паступае каля 300-400 заяваў”, — паведамілі ў Камітэце будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама.
Інфармацыю пра даступныя ў тым ці іншым раёне горада арэндныя кватэры можна знайсці на сайтах раённых адміністрацый. На сёння такіх кватэр усяго тры на ўвесь горад. Адна 3-пакаёвая ў Цэнтральным раёне (заяўкі прымаюцца да 1 сакавіка), 2-пакаёвая і 3-пакаёвая ў Кастрычніцкім раёне (заяўкі прымаюцца да 25 лютага).
У Камітэце будаўніцтва і інвестыцый таксама паведамілі, што фонд дзяржаўнага арэнднага жылля ў 2016 годзе ў Мінску будзе папаўняцца з ліку таго, што стане свабодным.